Падзяліцца:
12 жніўня 2017
На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 14 па 20 жніўня 2017 года пройдзе “Юбілейны тыдзень” народнага артыста СССР Здзіслава Стомы да 110-годдзя з дня нараджэння. Амаль паўстагоддзя свайго акцёрскага жыцця Здзіслаў Стома аддаў галоўнаму драматычнаму тэатру Беларусі. На купалаўскай сцэне ён выканаў шмат бліскучых запамінальных роляў. Яго амплуа – вострахарактарныя і камедыйныя персанажы. Асаблівае гучанне набылі створаныя ў яго трактоўцы нацыянальныя беларускія вобразы: Быкоўскі і Пустарэвіч у “Паўлінцы” Я.Купалы, Куторга ў “Пінскай шляхце” В.Дуніна-Марцінкевіча, Глушак у “Людзях на балоце” І.Мележа, Туляга і Караўкін у “Хто смяецца апошнім” і “Брама неўміручасці” К.Крапівы, Лявон ў “Лявонісе на арбіце “ А.Макаёнка ды шмат іншых. Цікавыя ролі, з іх псіхалагічнай неадназначнасцю былі сыграныя Стомам у спектаклях паводле класічнай рускай і сусветнай драматургіі. Яркая творчая індывідуальнасць, непаўторны голас, своеасаблівая манера выканання дазвалялі акцёру заўсёды трымаць высокі ўзровень майстэрства. За што яго любілі шматлікія гледачы. У фондах Беларускага радыё захоўваецца немала цудоўных спектакляў, у якіх заняты народны артыст СССР Здзіслаў Стома. На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць: 14 і 15 жніўня - “Брама неўміручасці” К.Крапівы (Караўкін), 16 жніўня - радыёпастаноўка “Хто прыйшоў уначы” І.Мележа (Стрыбульскі), 17 і 18 жніўня - “Даходнае месца” А.Астроўскага (Белагубаў), 19 і 20 жніўня - “Лявоніха на арбіце” А.Макаёнка (Лявон). Пачатак эфіру ў 22 гадзіны 5 хвілін.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: