Падзяліцца:
27 Кастрычніка 2017
Якуб Колас разам з Янкам Купалам з’яўляецца заснавальнікам навейшай беларускай літаратуры – у сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як “беларускі Гамер”, стваральнік нацыянальнай “Іліяды” і “Адысеі”, менавіта так называе крытыка знакамітыя паэмы класіка – “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Паэзія і проза, драматургія і публіцыстыка Коласа непарыўна звязана з жыццём народа. Сваёй творчасцю ён фактычна складае мастацкі летапіс гістарычнай эпохі і філасофіі жыцця простага чалавека. Якуб Колас – стваральнік дзівосных вобразаў маляўнічых беларускіх краявідаў, якія вабяць сваім непараўнаным хараством і чаруюць даўнімі легендамі. Яго любоў да сваёй зямлі – мяккая і некрыклівая – спараджае працяг гэтага пачуцця ў новых пакаленнях маладых беларусаў. У фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат самых розных мастацкіх прац паводле паэм, вершаў, п’ес, казак, апавяданняў і аповесцей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Якія, дарэчы, пастаянна гучаць у нашым эфіры. На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце: 30 і 31 кастрычніка – радыёпастаноўку “Дрыгва” паводле аднайменнай аповесці, а таксама інсцэніраванае апавяданне “Нёманаў дар”, 1 і 2 лістапада – радыёспектакль “На прасторах жыцця” паводле аднайменнай аповесці і казку “Крыніца”, 3 і 4 лістапада – радыёспектакль “Новая зямля” паводле аднайменнай паэмы і кампазіцыю “Зямлі і небу пакланюся”, 5 і 6 лістапада – радыёспектакль “Рыбакова хата” паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Пачатак эфіру – у 22.05. Вершы класіка будуць гучаць на працягу тыдня ў штодзённым праекце “Паэтычны эцюд” (20.17), а інфармацыйны праект “Літаратурны калейдаскоп” (11.55) пазнаёміць слухачоў з асноўнымі юбілейнымі падзеямі. Праект “Творчы вечар з Галінай Шаблінскай” 2 лістапада ў 21.05 таксама будзе прысвечаны 135-годдзю Якуба Коласа. Тэма: “На скрыжалях жыцця і творчасці класіка”, удзельнікі: коласазнаўцы, музейшчыкі, сваякі пісьменніка.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: