Падзяліцца:
3 ліпеня 2017
З 4 па 10 ліпеня 2017 года на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пройдзе “Юбілейны тыдзень” народнага паэта Беларусі Янкі Купалы да 135-годдзя з дня нараджэння. Мы расчытваем яго таямніцу другое стагоддзе і разумеем, што глыбіня Купалавай спадчыны невымерная. Кожны беларус можа знайсці ў ёй тое, што шукае душа. У яго асобе мы маем прарока і вешчуна, рыцара, які так самааддана і горача любіў сваю Беларусь. Ён паказаў нам кірунак ад тутэйшасці ў вялікі свет Беларускага космасу. І хрэстаматыйныя Купалавы радкі “людзьмі звацца” працягваюць гучаць для нас як заклік і як сцвярджэнне. Напэўна, лішне казаць, колькі пастановачных мастацкіх работ захоўваецца ў фондах Беларускага радыё паводле спадчыны Янкі Купалы. Яны пастаянна гучаць у беларускім эфіры: радыёспектаклі, пастаўленыя па драматургічных творах, інсцэніраваныя паэмы, кампазіцыі паводле вершаў. На гэтым, “Юбілейным тыдні”, у нашых слухачоў ёсць цудоўная магчымасць далучыцца да мастацкага слова Купалы, перастворанага на аўдыёмову. 4-6 ліпеня слухайце радыёверсію спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Тутэйшыя”, 7-8 ліпеня прагучыць знакамітая Купалава “Паўлінка”, 9-10 ліпеня вашай увазе – радыёспектакль “Раскіданае гняздо” па аднайменнай драме Янкі Купалы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: