- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- «Юбілейны тыдзень» Уладзіміра Рагаўцова – «Тэатр Беларускага радыё», 2–8.04.2018
- «Юбілейны тыдзень» Уладзіміра Рагаўцова – «Тэатр Беларускага радыё», 2–8.04.2018

З 2 па 8 красавіка на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё праходзіць «Юбілейны тыдзень» заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова, да 75-годдзя з дня нараджэння.
Уладзімір Мітрафанавіч Рагаўцоў пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ўжо больш за паўстагоддзя працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. За гэты час ім сыграны дзясяткі цудоўных роляў, як драматычных так і характарных, паводле класічных і сучасных твораў беларускіх і замежных аўтараў.
Лепшыя яго ролі ў нацыянальным рэпертуары: Раман – “І змоўклі птушкі” Івана Шамякіна, Прокусаў – “Верачка” Андрэя Макаёнка, Скарына – “Напісанае застаецца” Алеся Петрашкевіча, Ваявода – “Князь Вітаўт” Аляксея Дударава ды іншыя.
Шчырасць і эмацыянальнасць, псіхалагічная заглыбленасць і яркая акрэсленасць знешняга малюнка ролі ўласцівы творчасці Уладзіміра Рагаўцова.
А яшчэ Уладзімір Мітрафанавіч – з кагорты тых тэатральных акцёраў, хто мае багатую радыйную біяграфію. Ім сыграны дзясяткі самых рознапланавых цікавых роляў у радыёспектаклях, прачытана шмат мастацкіх празаічных твораў, яркіх паэтычных кампазіцый.
На гэтым “Юбілейным тыдні” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць радыёспектаклі і пастаноўкі з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рагаўцова:
“Я буду чакаць” паводле аповесці Алены Васілевіч “У прасторах жыцця” – 2 красавіка;
“Ці правы Дон Кіхот” паводле аповесці Івана Навуменкі “Бульба” – 3 красавіка;
інсцэніраваныя старонкі рамана Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта” – 4 красавіка;
“Паром на бурнай рацэ” паводле пралога рамана Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі” – 5 і 6 красавіка;
“Напісанае застаецца” па п’есе Алеся Петрашкевіча – 7 і 8 красавіка.
Праграма ў эфіры штодзень у 22-05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: