- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Юбілейны тыдзень Віктара Лебедзева – «Тэатр Беларускага радыё», 6 – 12.02.2017
- Юбілейны тыдзень Віктара Лебедзева – «Тэатр Беларускага радыё», 6 – 12.02.2017

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 6 па 12 лютага пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага артыста Беларусі Віктара Лебедзева, прысвечаны 85-годдзю яго нараджэння.
Свой творчы лёс Віктар Цімафеевіч прысвяціў Беларускаму рэспубліканскаму тэатру юнага гледача. Амаль за паўстагоддзя працы на гэтай вядомай тэатральнай сцэне ім сыграны дзясяткі цудоўных роляў. Яркая акцёрская індывідуальнасць дазволіла Віктару Лебедзеву ствараць самыя розныя вобразы, асабліва характарных герояў. У яго рэпертуары – спектаклі, пастаўленыя па п’есах беларускіх і замежных аўтараў. Сярод лепшых роляў – Хлестакоў у “Рэвізоры” М.Гогаля, Мальволіо (“Дванаццатая ноч” У.Шэкспіра), шкаляр Самахвальскі (“Несцерка” В.Вольскага), Рышэлье (“Тры мушкецёры” паводле А.Дзюма-бацькі), Юліус (“Новыя прыгоды Карлсана” паводле А.Ліндгрэн), граф Дарынкур (“Маленькі лорд Фаўнтлерой” паводле Ф.Бернет) ды шмат іншых.
Асобны этап ў творчасці Віктара Лебедзева звязаны з удзелам у спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы ў дуэце з Зінаідай Браварскай у спектаклях “Смех лангусты” Дж.Марэла і “Гульня ў джын” Д.Кобурна.
Віктар Цімафеевіч плённа супрацоўнічаў і з Беларускім радыё. У нашых фондах захавалася шмат радыёспектаклей і пастановак, у якіх ён выконвае самыя розныя ролі: ад глыбокіх псіхалагічных да камічна-гратэскных і казачных.
На гэтым “Юбілейным тыдні” ў праграме “Тэатр Беларускага радыё” прагучаць:
6 лютага, у панядзелак – радыёпастаноўка “Цікаўны Янка” па матывах беларускіх народных казак;
7 і 8 лютага, у аўторак і сераду – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы “Гульня ў джын” па п’есе Д.Кобурна (Уэлер);
9 лютага, у чацвер – радыёпастаноўка “Аповесць пра міжпланетнага пажарніка” паводле аповесці Р.Баравіковай (Чмель);
10 лютага, у пятніцу – музычны радыёспектакль “Кот Максім” (Цар) і радыёпастаноўка “Як з ашуканкі Лісы каўнер зрабілі” (Певень);
11 і 12 лютага, у суботу і нядзелю – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы “Смех лангусты” па п’есе Д. Марэла (Піту).
Запрашаем на хвалі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё штодзённа ў 22-05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: