Падзяліцца:
«Юбілейны тыдзень» Віктара Манаева – «Тэатр Беларускага радыё», 6 – 12.08.2018
6 жніўня 2018
«Юбілейны тыдзень» Віктара Манаева – «Тэатр Беларускага радыё», 6 – 12.08.2018 «Юбілейны тыдзень» прысвечаны народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву з нагоды яго 60-годдзя; імя гэтага артыста-купалаўца даўно ўжо сталася знакавым для нацыянальнай тэатральнай сцэны. Ён сапраўды валодае рэдкай для драматычнага акцёра ўласцівасцю: усе ўвасобленыя ім ролі станавіліся яркай падзеяй тэатральнага жыцця краіны. Згадаем, напрыклад, яго Лёньку Адуванчыка ў спектаклі “Радавыя” Аляксея Дударава, Гаральда ў “Гаральд і Мод” Коліна Хігінса, Нормана ў “Касцюмеры” Рональда Харвуда, Мікіту Зносака ў “Тутэйшых” Янкі Купалы, Дзеда Жабрака ў “Сымоне-музыку” паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа, Кручкова ў “Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Гараднічага ў новым спектаклі купалаўскага тэатра “Рэвізор” Мікалая Гогаля. За кожнай роляй – непаўторны акцёрскі вобраз. А яшчэ Віктар Манаеў – з кагорты радыйных артыстаў, тых, хто мае сваю акцёрскую біяграфію на Беларускім радыё, і пачалася яна з 1981 года. Адзін з першых яго радыёспектакляў – “Салют, дыназаўрам” рэжысёра Аляксандра Вавілава, дзе Манаеў сыграў галоўную ролю хлопца-падлетка разам са знакамітай Стэфаніяй Станютай і адкрыў для сябе прыцягальную моц такога унікальнага мастацкага жанра, як радыётэатр. Сёння ў фондах Беларускага радыё захоўваюцца дзесяткі радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных казак, у якіх народны артыст Беларусі Віктар Манаеў выконвае галоўныя ролі. У радыйных фондах можна знайсці цудоўныя літаратурныя кампазіцыі паводле твораў беларускіх класікаў і сучасных аўтараў у выкананні Віктара Манаева. На “Юбілейным тыдні” прагучаць наступныя пастановачныя мастацкія работы з удзелам Віктара Манаева: 6-9 жніўня – радыёспектакль “Каласы пад сярпом тваім” паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча (Алесь Загорскі); 9 жніўня – кампазіцыя “На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся” паводле лірычных вершаў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы; 10-11 жніўня – радыёспектакль “Салют, дыназаўрам” па п’есе Генадзя Мамліна (падлетак Васіль); 11 жніўня – кампазіцыя “Лірычная споведзь” паводле вершаў паэта Сяргея Грахоўскага; 12 жніўня – фрагмент радыёверсіі спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Тутэйшыя” па аднайменнай п’есе Янкі Купалы, дзе Віктар Манаеў выконвае галоўную ролю Мікіты Зносака, і за якую ў 1992-м годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Праграма «Тэатр Беларускага радыё» выходзіць штодзень у 22-05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: