
На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 31 ліпеня па 6 жніўня праходзіць “Юбілейны тыдзень” народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля,прысвечаны 100-годдзю з Дня нараджэння.
Янка Брыль – класік беларускай літаратуры, з яго імем звязана цэлая эпоха ў айчынным прыгожым пісьменстве. З 30-х гадоў мінулага стагоддзя і да пачатку ХХІ-га ён актыўна працаваў і друкаваўся. Янку Брыля называюць майстрам лірыка-псіхалагічнай прозы, крыніцы якой аўтар нястомна шукаў у рэальным жыцці. Таму яго героі выпісаны з гранічнай шчырасцю і праўдзівасцю, ім верыш, як сабе самому.
Раман “Птушкі і гнёзды”, аповесці “Ніжнія Байдуны” і “Золак, убачаны здалёк” – тыя творы, без якіх сёння цяжка ўявіць прастору беларускага мастацкага слова. Нацыянальнае і філасофскае, аўтабіяграфічнае і агульналюдскае складваюцца ў адзіны матыў, прасякнуты самымі рознымі адценнямі жыцця. І разам з тым яны найперш сцвярджаюць беларускі характар, высакароднасць, маральнасць і прыродную мудрасць беларусаў. А цэлая серыя кніг непаўторных лірычных мініяцюр Янкі Брыля: “Жменя сонечных промняў”, “Пішу, як жыву”, “Сцежкі, дарогі, прастор” ды іншыя! Хто з нас не зачытваўся імі? Усёй сваёй творчасцю і жыццём пісьменнік паказвае нам прыклад адданай сыноўней любові да сваёй зямлі – роднай Беларусі.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца шмат розных мастацкіх работ паводле творчасці Янкі Брыля, асобныя апавяданні і мініяцюры можна пачуць і ў выкананні самога аўтара.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць радыёспектаклі і пастаноўкі паводле твораў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. 31 ліпеня слухайце радыёпастаноўку “На Быстранцы”, 1 і 2 жніўня – радыёспектакль “У Забалоцці днее”, 3 і 4 жніўня – радыёпастаноўка “Сірочы хлеб”, 4 жніўня таксама прагучаць лірычныя мініяцюры “Жменя сонечных промняў” у аўтарскім выкананні, 5 жніўня – радыёпастаноўка “З успамінаў майго аднагодка”, 6 жніўня вашай увазе – фрагменты аповесці “Золак, убачаны здалёк”.
Пачатак эфіру штодзень у 22 гадзіны 5 хвілін.