Да 120-годдзя з дня нараджэння рэжысёра народнага артыста Беларусі Канстанціна Саннікава з 30 мая па 5 чэрвеня ў эфіры Першага нацыянальнага канала пройдзе “Юбілейны тыдзень”.
Канстанцін Саннікаў – адзін з заснавальнікаў беларускага драматычнага тэатра. Працаваў акцёрам і рэжысёрам у БДТ-2, але большую частку свайго прафесійнага жыцця прысвяціў купалаўскай сцэне: з 1937 па 1961-ы год. Як рэжысёр аддаваў перавагу сучаснаму рэпертуару, значна паўплываў на станаўленне добра вядомых сёння беларускіх драматургаў: Маўзона, Губарэвіча, Крапівы, Макаёнка ды іншых. Ім пастаўлены дзясяткі цікавых спектакляў паводле беларускай і сусветнай класікі. Як педагог, выхаваў плеяду цудоўных акцёраў. Сярод яго вучняў – народныя артысты СССР Генадзь Аўсяннікаў і Віктар Тарасаў, народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч, Лілія Давідовіч, Галіна Талкачова ды іншыя.
На гэтым, “Юбілейным тыдні”, у “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць радыёкампазіцыі спектаклей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў пастаноўцы Канстанціна Саннікава. 30 і 31 мая -- “Канстанцін Заслонаў” па аднайменнай п’есе Аркадзя Маўзона, 1 і 2 чэрвеня -- “Пяюць жаваранкі” па п’есе народнага пісьменнікі Беларусі Кандрата Крапівы, 3 і 4 чэрвеня – “Зыкавы” па п’есе Максіма Горкага, 5 і 6 чэрвеня -- “Цытадэль славы” па п’есе Кастуся Губарэвіча “Брэсцкая крэпасць”.