Падзяліцца:
1 Чэрвеня 2015

У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 1 па 7 чэрвеня пройдзе “Юбілейны тыдзень” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі  драматурга Аляксея Дударава да 65-годдзя з дня нараджэння. 

Сучасную беларускую драматургію нельга ўявіць без творчасці Аляксея Дударава. Ён аўтар такіх вядомых п’ес, як “Выбар”, “Парог”, “Вечар”, “Радавыя”, “Адцуранне”, “Палачанка”, “Вітаўт”, “Чорная панна Нясвіжа” ды многіх іншых. Хаця пачынаў ён свой творчы шлях як празаік. У першай кнізе прозы “Святая птушка” пісьменнік уздымае маральна-этычныя і духоўныя праблемы жыцця свайго сучасніка. П’есы Дударава ахопліваюць самы шырокі дыяпазон творчых і жыццёвых тэм: ад гістарычных да глыбока-маральных. Сам аўтар -- прафесійны акцёр, тонка адчувае тэатр, умее бачыць дзеянне і чалавека на сцэне. Спектаклі па п’есах Дударава з поспехам ідуць на многіх тэатральных пляцоўках краіны і за яе межамі. Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы: “Кола”, “Белыя росы”, “Восеньскія сны”, “Купальская ноч”, “Суседзі”. 

У фондах Беларускага радыё захоўваецца некалькі радыёспектаклей і пастановак паводле твораў Аляксея Дударава. На працягу “Юбілейнага тыдня” прагучаць: 1 і 2 чэрвеня -- радыёспектакль ў дзвюх частках “Святло” і інсцэніраваная казка “Блакітны праменьчык”, 3, 4 і 5 чэрвеня -- радыёкампазіцыя ў трох частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Парог”, 6 і 7 чэрвеня -- радыёспектакль у дзвюх частках “Крыж”.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: