Да 90-годдзя з дня нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, былога дыктара Беларускага радыё Іллі Кургана з 23 па 29 мая ў эфіры Першага нацыянальнага канала пройдзе “Юбілейны тыдзень”.
Яго называлі беларускім Левітанам, старэйшае пакаленне цудоўна памятае выключны аксамітны голас Ільі Кургана – 40 гадоў ён самааддана служыў беларускаму эфіру. У яго вучыліся маладыя калегі, да яго заўваг прыслухоўваліся і дыктары, і акцёры, і журналісты. Прафесійная павага і аўтарытэт у старэйшага дыктара Беларускага радыё былі бездакорнымі. У фондах Беларускага радыё захоўваюцца радыёспектаклі і пастаноўкі з удзелам І.Кургана, а таксама шмат цікавых запісаў мастацкіх твораў у яго выкананні.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць:
23 і 24 мая - радыёпастаноўка “Іван Світаннік” па матывах беларускай народнай казкі. Рэжысёр – Зінаіда Браварская. Ад аўтара - Ілля Курган. Год запісу - 1986.
25 мая - пачатак вядомай паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Пераклад Язэпа Семяжона. Выканаўца - Ілля Курган. Год запісу – 1995.
26 мая – фрагмент аповесці пісьменніка Кузьмы Чорнага “Скіп’ёўскі лес”. Выканаўца – Ілля Курган. Год запісу – 1996.
27 і 28 мая – радыёспектакль “Аварыя” паводле аднайменнай аповесці швейцарскага пісьменніка Фрыдрыха Дзюрэнмата. Рэжысёр Ігар Лапцінскі. У ролі суддзі Верге – Ілля Курган. Год запісу - 1996.