Падзяліцца:
"Юбилейная неделя" народного писателя Беларуси Ивана Мележа
8 лютага 2016
"Юбилейная неделя" народного писателя Беларуси Ивана Мележа

З 8 па 15 лютага 2016  года ў “Тэатры Беларускага радыё” --“Юбілейны тыдзень” народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа да 95-годдзя з дня нараджэння.

У гісторыю беларускай літаратуры Іван Мележ увайшоў найперш як аўтар знакамітай   “Палескай хронікі”, якую складаюць тры раманы: “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”.  Праблема “чалавек і зямля”, а таксама гісторыя вялікага кахання – у цэнтры “Палескай хронікі”. Уражвае маштаб пісьменніцкага погляду на свет, уменне перадаць шматгалоссе жыцця, сканцэнтраваць ўвагу на  розных па сваёй сутнасці героях. Нездарма крытыка падкрэслівае, што галоўны герой хронікі – народ.

Да стварэння “Палескай хронікі”, якая лічыцца вяршыняй творчасці пісьменніка, быў напісаны раман “Мінскі напрамак” – адзін з буйнейшых твораў пра Вялікую Айчынную вайну, а таксама апавяданні, аповесці, п’есы, артыкулы.

Дарэчы, першыя свае апавяданні Іван Мележ паказаў Кузьму Чорнаму, і выдатны майстар беларускай прозы адразу вызначыў талент маладога аўтара, падкрэсліўшы яго здольнасць да псіхалагічнага аналізу.

У фондах  Беларускага радыё захоўваецца шмат мастацкіх пастановачных работ паводле твораў Івана Мележа. І найперш хочацца сказаць, што створаны радыёспектаклі  паводле “Палескай хронікі” і рамана “Мінскі напрамак”, а таксама  па аднайменнай п’есе “Пакуль вы маладыя”, паводле аповесці “Гарачы жнівень”, апавяданняў “У завіруху”, “Ноччу” ды іншыя.

На гэтым “Юбілейным тыдні” ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце:

8 лютага – радыёспектакль “Адна” паводле аднайменнага апавядання Івана Мележа. Аўтар інсцэніроўкі для радыё і рэжысёр Соф’я Гурыч. У галоўнай ролі Ані – народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Год запісу – 1981-ы.

9 і 10 лютага  – радыёспектакль “Людзі на балоце” паводле аднайменнага рамана Івана Мележа. Рэжысёр --  Марына Троіцкая. Год запісу – 1962-гі. У галоўных ролях Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі – народны артыст СССР Віктар Тарасаў і народная артыстка  Беларусі Лілія Давідовіч.

11 і 12 лютага  – радыёспектакль “Подых навальніцы” паводле аднайменнага рамана Івана Мележа. Аўтар інсцэніроўкі для радыё – Эльвіра Герасімовіч. Рэжысёр --  Марына Троіцкая.  У ролях Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі – народны артыст СССР Віктар Тарасаў і народная артыстка  Беларусі Лілія Давідовіч, Яўхім Глушак – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Барыс Уладамірскі. Год запісу – 1965-ы.

13 і 14 лютага -- радыёспектакль “Завеі, снежань” паводле аднайменнага рамана Івана Мележа. Рэжысёр-пастаноўшчык – Соф’я Гурыч. У ролі Башлыкова, сакратара райкама – народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік, Ганна – народная артыстка Беларусі Лілія Давідовіч, ад аўтара – народны артыст СССР Віктар Тарасаў. Год запісу – 1978.

Пачатак эфіру - у 22:05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: