У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 22 па 29 снежня 2014 года пройдзе “Юбілейны тыдзень” народнага артыста СССР Віктара Тарасава да 80-годдзя з дня яго нараджэння.
Віктар Тарасаў сыграў сотні бліскучых роляў у тэатры, кіно, на радыё і тэлебачанні. І ўсё ж сваё творчае жыццё акцёр прысвяціў галоўнай сцэне краіны – Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Прыхільнікі тэатральнага мастацтва добра памятаюць той час, калі ў купалаўскі хадзілі менавіта “на Тарасава”. Класіка і сучасныя п’есы, у якіх ён выконваў галоўныя ролі, заварожвалі яго душэўнай абаяльнасцю і арганічнасцю акцёрскага пераўвасаблення.
На Беларускім радыё Віктар Паўлавіч, дзякуючы свайму непаўторнаму таленту, быў любімым артыстам усіх радыёрэжысёраў, яго запрашалі на самыя цікавыя і глыбокія работы. У літаратурна-мастацкіх фондах захоўваецца вельмі шмат радыёспектаклей і пастановак, у якіх Тарасаў выконвае галоўныя ролі. Напрыклад, ён заняты ва ўсіх спектаклях рэжысёра Валерыя Анісенкі паводле раманаў і апавяданняў пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць: у панядзелак – радыёпастаноўка “Прыліпала” паводле апавядання Віктара Карамазава, у ролі аўтара – В.Тарасаў, у аўторак – радыёпастаноўка “Альпійская балада” паводле аповесці Васіля Быкава, у ролі Івана Цярэшкі – В.Тарасаў, у сераду і чацвер – радыёспектакль у дзвюх частках “Нельга забыць” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча, у ролі Андрэя Грынкевіча – В.Тарасаў, у пятніцу і суботу – радыёспектакль у дзвюх частках “Людзі на балоце” паводле рамана Івана Мележа, у ролі Васіля Дзятла – В.Тарасаў, а ў нядзелю і панядзелак – радыёспектакль у дзвюх частках “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава, у ролі Васіля Мульціка – В.Тарасаў.