На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 17 па 23 лютага пройдзе «Юбілейны тыдзень» народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава да 85-годдзя з дня нараджэння.
Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў больш за 60 гадоў служыць Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. І ўвесь гэты час ён – улюбёнец публікі, якая ходзіць у купалаўскі. Ім сыграны дзясяткі бліскучых роляў, якія вызначаюць абаяльнасць беларускага характару, яго мудрасць і жыццялюбства. Сапраўднае прызнанне і вядомасць акцёру прынесла некалі роля Цярэшкі Калабка ў вядомым спектаклі «Трыбунал» па п’есе Андрэя Макаёнка, а за ролю вынаходніка мудрамера Мурашкі ў спектаклі «Мудрамер» па п’есе Мікалая Матукоўскага Генадзю Аўсяннікаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. Дарэчы, радыёверсіі гэтых і многіх іншых спектакляў купалаўскага тэатра, у якіх заняты народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, захаваліся ў фондах Беларускага радыё.
Вельмі багатая і яркая яго радыйная біяграфія. Таму што з Беларускім радыё Генадзь Сцяпанавіч плённа супрацоўнічае больш за паўстагоддзе.
Радыёрэжысёры розных пакаленняў з задавальненнем запрашалі і цяпер запрашаюць яго на свае спектаклі. У радыйным рэпертуары Генадзя Аўсяннікава – шмат роляў у пастаноўках для дзяцей і цудоўнае выкананне беларускіх народных казак.
На працягу «Юбілейнага тыдня» ў «Тэатры Беларускага радыё» слухайце радыёспектаклі і пастаноўкі з удзелам народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава:
радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Трыбунал» па аднайменнай п’есе Андрэя Макаёнка (Цярэшка Калабок) – 17 і 18 лютага;
фрагмент спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Страсці па Аўдзею» па п’есе Уладзіміра Бутрамеева (Аўдзей) – 19 лютага;
радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Мудрамер» па п’есе Мікалая Матукоўскага (вынаходнік мудрамера Мурашка) – 20 і 21 лютага;
радыёверсія монаспектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Шляхціц Завальня» паводле кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня або Беларусь у фантастычных апавяданнях» – 22 лютага;
урывак з радыёспектакля «Млечны Шлях» паводле рамана Кузьмы Чорнага (Мікалай Сямага) – 23 лютага.
Праграма «Тэатр Беларускага радыё» у эфіры штодзённа ў 22-05.