Эх, не тыя ўжо прэзентацыі ў Apple, не тыя. Мінулі часы, калі Стыў Джобс мог некалькі гадзін “трымаць” аўдыторыю, а на наступны дзень “яблычныя” крамы ламіліся ад тых, хто хацеў новы прадукт. Гэта мог быць і рэвалюцыйны айпод, і “шляпа” накшталт першага макбука, але вы адразу разумелі, што марылі пра яго ўсё жыццё. Сам геній маркетынгу ніколі не хаваў, што арыентаваўся не на патрэбы рынку, а на ўласны густ і здольнасць пераканаць любога, што без новага гаджэту – ну ніяк. Так стратэгія “супраць плыні” сама параджала плынь, а Apple заўсёды меў “права першай ночы”, няхай канкурэнты потым і выпускалі прадукт больш дасканалы і менш дарагі - магія брэнда, вакол якога сфарміраваўся сапраўдны культ, нікуды не знікала.
Пра Джобса цяпер нагадвае толькі імя тэатра, дзе адбываецца прэзентацыя. А ў выпадку са стрымінгавым сэрвісам усё наадварот. Кампанія спахапілася, калі рынак, па сутнасці, падзялілі гіганты Netflix і Amazon, і ад прэзентацыі ў Куперціна чакалі нават не імён і прэм’ер, а выразнай стратэгіі – за кошт чаго Цім Кук збіраецца дагнаць і абагнаць лідараў. Тое, што мы чулі раней –“плюшавы” сэрвіс з кантэнтам 6+ (я ўтрырую, але) – прарывам не бачылася. Прадставілі ж менавіта праекты. І яны – па меншай меры ў цяперашнім выглядзе - поўнасцю трапляюць у катэгорыю “новае кабельнае тэлебачанне для ўсёй сям’і”.
Так, Стывен Спілберг здыме працяг “Дзіўных гісторый”, што выходзілі на амерыканскім тэлебачанні ў 80-я. (І гэта калі яшчэ свежыя ў памяці вашы, містар Спілберг, нападкі на оскараўскіх намінантаў ад Netflix – маўляў, месца ім самае большае на тэлепрэміі Эмі). Добра, ёсць фэнтэзі-казка на выхадныя.
«Ранішняе шоў» - гэта ўжо нават не кабельнае, а класічнае ТБ; вядучымі заяўлены Стыў Карэл (нядрэнна), Рыз Уізерспун і Джэніфер Эністан (спадзяюся, яны хаця б на сцэнарыстаў раскашэляцца). Тут жа - дзіцячая праграма ад стваральнікаў «Вуліцы Сезам».
Фантастычны серыял «Глядзі», пра людзей, якія нараджаюцца невідушчымі - з Джэйсанам Мамоа і докудрама «Мара імігранта», заснаваная на рэальных гісторыях людзей, якія пераехалі ў ЗША. Аўтар – вядомы па хіце “Каханне-хвароба” Кумаіл Нанджыані. Ну вось, ужо штосьці падобнае на Netflix з яго “Птушыным кошыкам” і “Дзікай-дзікай краінай”.
Вас уражвае? Мяне – не надта. Думаю, і канкурэнты калі і напружыліся пасля дэкларацыі аб намерах, то цяпер уздыхнулі з палёгкай. Каму гэта выклік – “Амазону” з яго гіганцкім праектам па сусвеце “Уладальніка пярсцёнкаў”? HBO з новым серыялам-прыквелам “Гульні тронаў”? Ці можа “Дысней” задрыжаў перад адкрыццём уласнай платформы – з правамі на фільмы “Марвэл” і “Зорныя войны”?..
На многія з пытанняў кіраўнікі Apple так і не далі адказаў. Яшчэ ў верасні адзін з артыкулаў, у якім абмяркоўвалася магчымыя праекты, выйшаў пад загалоўкам «Ніякага сэксу, калі ласка, мы - Apple». Аўтар сцвярджаў: Цім Кук настойвае, каб новы сэрвіс адпавядаў сямейнаму брэнду кампаніі - быў без сэксу, гвалту, жахаў, вострых тэм і ўсяго, што складае аснову папулярнасці сучасных серыялаў. Няхай жыве паліткарэктнасць і жыццёсцвярджальнасць! Так гэта ці не, мы ўбачым толькі ўвосень, але калі меркаваць па промароліках, у серыялах сапраўды няма і намёку на сэкс і гвалт.
З іншага боку, не зрабіць крок у гэтым напрамку Apple не магла – і не толькі рэпутацыйна (як кампанія, што прывыкла быць у авангардзе запуску новых тэхналогій). У час, калі Netflix траціць на ўласны кантэнт 14 мільярдаў у год – на адзін будзе складана не тое што пацясніць, але нават наблізіцца. І ў гэтай сувязі многія аглядальнікі лічаць – а што, калі “яблычныя” і не збіраюцца канкурыраваць?.. Усё ж, іх асноўны рынак – не кантэнт, а тэхніка. А навіны, кнігі, музыка і нарэшце серыялы – гэта проста яшчэ адзін аргумент на карысць выбару новага тэлефона, планшэта або камп’ютара. Аматары ж серыялаў у любым выпадку застануцца ў плюсе – якаснага прадукта шмат не бывае.