Падзяліцца:
Займацца бізнесам у Беларусі будзе яшчэ прасцей
13 Красавіка 2017
Займацца бізнесам у Беларусі будзе яшчэ прасцей Удасканаліць кантроль і выключыць залішнія патрабаванні да бізнесу. Новая рэдакцыя Дэкрэта “Аб развіцці прадпрымальніцтва” з'явілася на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала. Апублікаваныя і праекты Указаў аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці, а таксама па стварэнні ўмоў для развіцця гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Як усё гэта заклікана стымуляваць дзелавую ініцыятыву? - разбіраліся нашы карэспандэнты.

Праверак будзе менш, а весці справы стане яшчэ прасцей. Група па стымуляванні дзелавой актыўнасці выпрацавала прапановы. У праектах, што апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, прадугледжана: каб пачаць бізнес, дастаткова будзе паведаміць пра гэта мясцовым уладам. А ўсе дзеючыя пажарныя або санітарныя нормы плануецца адмяніць, паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч:
«У прыватнасці, прадугледжана, што планавыя праверкі наогул будуць адменены. Застануцца толькі праверкі пазапланавыя, і тое – толькі па строга вызначаных падставах. Каб кантралёры не кантралявалі па сваім меркаванні суб'екты гаспадарання па надуманых падставах або калі гэта камусьці захочацца».

Праект Дэкрэта прадугледжвае, у тым ліку, іншыя прыярытэты работы кантралюючых органаў. Акцэнт цяпер будзе рабіцца не на пошук парушэнняў і прыцягненне да адказнасці, як было раней, а на прафілактыку, адзначае міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка:
«Гэтая работа ідзе пастаянна. Мы ўжо пазначылі скарачэнне вялікай колькасці праверак, узгаднілі гэта з Камітэтам дзяржкантролю. Адсутнасць праверак кампенсуем больш моцнай прафілактычнай работай».

Нават цяперашнюю рэдакцыю Дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва», спецыялісты называюць рэвалюцыйнай. Па сутнасці, гэта новы парадак адносін паміж дзяржавай і прадпрымальнікамі. Вось галоўныя прынцыпы: прэзумпцыя добрасумленнасці суб'ектаў гаспадарання, самарэгуляванне бізнесу і мінімальнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у эканамічную дзейнасць. Выключэнне - пагроза інтарэсам краіны і грамадства, навакольнаму асяроддзю, жыццю і здароўю грамадзян. Важнае месца займае і ўдасканаленне падатковага рэжыму, - лічыць старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін:
«Бізнес ставіць наступныя пытанні: зніжэнне падатковай нагрузкі па падатку на нерухомасць і зямельным падатку, пашырэнне практыкі прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання па крытэрыі «выручка» да ўзроўню Расійскай Федэрацыі (у нас цяпер значна ніжэй), аднаўленне льготнай стаўкі па спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў выглядзе 2% пры пастаўцы на экспарт, выкарыстанне вопыту Расійскай Федэрацыі, дзе мясцовыя органы ўлады могуць паніжаць стаўку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання да 1%, выкарыстанне пры вылічэнні ПДВ метаду бухгалтарскага ўліку па паступленні выручкі».

Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» – безумоўна найважнейшы, але не адзіны дакумент. Так, стымуляваць ініцыятыву ў малых гарадах закліканы праект указа аб гандлі і грамадскім харчаванні, - звяртае ўвагу міністр гандлю і антыманапольнага рэгулявання Уладзімір Калтовіч:
«Прапануецца ўвесці адмысловы падатковы рэжым - адна базавая велічыня на кожны аб'ект, спрасціць санітарныя і проціпажарныя правілы, і прапанаваць спецыяльныя льготы: выкарыстанне памяшкання не па прызначэнні, выкарыстанне магчымасці куплі нерухомай маёмасці без аўкцыёну па рыначным кошце. Мы ўпэўненыя, гэта створыць не толькі працоўныя месцы, але самае галоўнае - дасць магчымасць людзям паверыць у сябе. І пачаць працаваць».

Рабочая група падагульніла каля 200 прапаноў па стымуляванні дзелавой актыўнасці. А зараз разлічвае на актыўнае абмеркаванне з боку ўсіх зацікаўленых - як бізнесу, так і грамадзян. Пасля гэтага праект Дэкрэта і іншых дакументаў пойдуць на стол Прэзідэнту.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: