
Два гады таму ў Беларусі стартаваў праект, мэта якога – дапамагчы асуджаным павысіць свой адукацыйны ўзровень і атрымаць вышэйшую адукацыю. Мінскі інавацыйны інстытут прапанаваў навучанне адразу па 16 спецыяльнасцях – ад “інфармацыйнага менеджменту” да “эканомікі і кіравання прадпрыемствам”. Напярэдадні ў Гомелі ўручылі Дыплом эканаміста першай выпускніцы. З ёй сустрэлася наш карэспандэнт Настасся Кучынская.
Атрымаць вышэйшую адукацыю цяпер можна і за кратамі. Праўда, вучыцца давядзецца дыстанцыйна, але дыплом ад іншых нічым не адрозніваецца – ён звычайнага дзяржаўнага ўзору. Першым яго атрымала асуджаная, якая знаходзіцца ў гомельскай папраўчай калоніі №4. Менавіта гэтая ўстанова стала пілотнай па рэалізацыі міні-праекта “Пашырэнне адукацыйных магчымасцей асуджаных праз дыстанцыйнае навучанне”. Яго рэалізацыя пачалася два гады таму. Спачатку атрымаць вышэйшую адукацыю вырашылі 15 жанчын, потым да іх далучыліся яшчэ восем.
Крысціна Смычкова да таго, як трапіла ў калонію, закончыла гандлёвы каледж і тры курсы ўніверсітэта па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Кажа, што асноўная праблема, з якой падчас вучобы сутыкаюцца асуджаныя – немагчымасць атрымаць кансультацыю проста ў выкладчыка або іншых жанчын. У яе атрадзе эканамістаў няма, а паходы ў іншыя катэгарычна забаронены:
«Як у той ці іншай сітуацыі эканамічнай паступіць, якую формулу лепш прымяніць? Часам хацелася б з кімсьці паразмаўляць, хто ў гэтым разбіраецца, а ў выкладчыка можна было б папрасіць патлумачыць».
Першы дыплом аб вышэйшай адукацыі, які атрымала асуджаная, уручалі ва ўрачыстай абстаноўцы ў клубе папраўчай калоніі. Крыху пазней Крысціна прызналася: вельмі хвалявалася і, калі атрымала дакумент, ледзь не заплакала. Пакуль яна не зможа працаваць па атрыманай спецыяльнасці, але пра дыплом даўно марыла. Між тым, каардынатар праекта “Адукацыя адчыняе дзверы” Марына Малініна кажа: цяпер ён будзе распаўсюджаны і на іншыя папраўчыя ўстановы:
«Дэпартамент выканання пакаранняў прыняў рашэнне пашырыць такую практыку, і зараз яшчэ ў васьмі папраўчых установах на тэрыторыі краіны створаны такія цэнтры дыстанцыйнай адукацыі. Там асуджаныя могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю».
Навучанне асуджаных – платнае. За курс неабходна заплаціць каля 1200 рублёў. Камусьці дапамагаюць родныя, а Крысціна Смычкова зарабіла сама. У калоніі яна асвоіла прафесію швачкі і нават атрымала самы высокі разрад. Дома яе чакаюць сын і родныя, таму на свабоду жанчына мае намер выйсці поўнасцю канкурэнтаздольнай на рынку працы. У яе бліжэйшых планах – атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю.