Першы двухдзённы прыпынак на кастынг − Гродна. Канкурсантаў чакалі на сцэне канцэртнай залы Гарадскога цэнтра культуры. А дзясятай − пачатак рэгістрацыі, з дванаццаці да васьмі вечара − праслухоўванні: зорны пул для наступных тураў адбіралі ў чатырох катэгорыях. Гэта хлопцы і дзяўчаты ад 16 да 24 гадоў, удзельнікі ад 25 гадоў і асобна − музычныя калектывы. Слухала прэтэндэнтаў судзейскае трыа − генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман, выканаўчы прадзюсар праекта «X-Factor ў Беларусі» Вольга Шлягер і папулярная спявачка Іскуі Абалян.
«Перазагрузка ого-го!», − выдыхае пасля выступлення Алена Крывіцкая. «Для гэтага і прыходзім − праверыць, ці не саржавелі гайкі-болцікі!».
На кастынгу мінчанка разам з мужам. «У Гродне былі праездам. Вось, вырашылі заскочыць, каб не чакаць майскіх праслухоўванняў у сталіцы», − падтрымлівае жонку Максім. А каб не перахаваліць жонку, ціхенька дадае: «Выступіла супер!».
Алена − з прафесіяналаў. Скончыла кансерваторыю, выкладае эстрадны вакал. Праўда, пакуль яе галоўны студэнт − гадавалы сынок. «Але ўсім сваім былым вучням спасылку на праект даслала», − спяшаецца дадому мамачка ў дэкрэце.
У фае гарадскога цэнтра культуры шматлюдна. Да стойкі рэгістрацыі − вялікая чарга. Трэба ўзяць анекту, падпісаць дамову з шоу і атрымаць парадкавы нумар.
«Мама, ну колькі раз табе казаць, што ты ў мяне самая лепшая?» − падтрымлівае Таццяну дачка. 40-гадовая кладаўшчыца краснасельскага прадпрыемства будматэрыялаў смяецца: «Сказала мне: ідзі і парві там усіх! А я ж і песні нават пішу, але каб вось так, на вялікую сцэну…».
На сустрэчу з марай − толькі некалькі a cappella-хвілін. На сцэне ўсё імкліва: імя, узрост, горад, пару фрагментаў з дзвюх песень і, само сабой, пытанні ад журы.
«Мы найперш шукаем той самы фактар X, гісторыю, якая б нас кранула», − тлумачыць выканаўчы прадзюсар шоу «X-Factor ў Беларусі» Вольга Шлягер. «І мы добра разумеем, што далёка не кожны чалавек даедзе да Мінска. Таму і робім такі вялікі нацыянальны тур. Для нас было прынцыпова даехаць у гарады самім, адчуць атмасферу тутэйшага жыцця, яго рытм. Гэта важна».
«А вы ўвогуле ведаеце, як гэта цяжка − спяваць без музычнага суправаджэння?» − разважае спявачка Іскуі Абалян. «Ад хвалявання можна ўзяць не тую танальнасць, не справіцца з мадуляцыяй. А з іншага боку, X-Factor − праект, дзе трэба не толькі спяваць. Мы шукаем асобу, харызму».
У чаканні выступленняў канкурсанты знаходзяцца ў невялічкай зале. Смялейшыя хорам імправізуюць за раялем, хтосьці раіцца з групай падтрымкі − на кастынг прыходзяць з сябрамі, бацькамі, дзецьмі. Пераважна, канешне, людзі маладыя, але ёсць і прыгожыя выключэнні.
«Гэта для радыё інтэрв'ю? Тады давайце. А то для камер мне яшчэ трэба зрабіць макіяж», − знаходзім зручнае месца для размовы з Ларысай Іванаўнай. Абаяльная, актыўная, у свае 67 выглядае жвавай, маладой. «А чаго мне баяцца? Я хачу даведацца: ці можна марыць пра сцэну пасля шасцідзесяці?» − напяваючы прыгожую французскую песеньку Ларыса Іванаўна ідзе запаўняць анкету.
А вось Міхаілу Арачкову з рэгістрацыяй дапамагае калега па кастынгу. Малады чалавек сціпла стаіць у баку, думае аб выступленні. Для яго яно − пра мару. У Міхаіла ДЦП, ён працуе майстрам па рамонце абутку. А музыка − гэта проста яшчэ адна спроба жыць як усе. «Я зразумеў, што магу спяваць, магу выступаць так, як і здаровыя людзі. Вельмі цёпла мяне сустрэлі, задавалі пытанні, цікавіліся. Гэта для мяне вялікая падзея».
Пакуль што ім толькі добразычліва кажуць «дзякуй»: трэба ўбачыць усіх прэтэндэнтаў, а іх каля дзвюх тысяч! Кожнае выступленне запішуць, прааналізуюць і толькі пасля гэтага запросяць на чарговы кастынг у Мінск. Лагістыку шоу тлумачыць старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант: «Наша першая задача − зрабіць якасны тэлевізійны праект. Гаоўная мара? Падтрымаць таленавітых людзей. Я спадзяюся, што калі сезон завершыцца − а гэта будзе напрыканцы снежня, у краіны будзе некалькі новых зорак!».
А ўжо ў гэтыя выхадныя − новы горад! 21 і 22 сакавіка нацыянальны перадкастынг у Магілёве, затым праект пройдзе маршрутам па ўсіх абласных гарадах з заездам у Баранавічы, Ліду, Мазыр і Бабруйск. Праслухоўванні ў Мінску пройдуць у маі. Ну а ў тэлеэфіры X-Factor гледачы змогуць убачыць ўжо з 5 верасня. «Беларусь 1» пакажа 17 выпускаў, у тым ліку шэсць вялікіх канцэртаў у прамой трансляцы.