Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча працягвае юбілейны праект «Зорнае неба паэта. Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча». Кожны другі чацвер месяца мы збіраемся ў нашай студыі, каб згадаць перыпетыі жыцця і творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры.
На гэты раз прадметам гутаркі будуць пісьмы, якія звязаны не толькі з самім Максімам Багдановічам, але і асяродкам яго родных, блізкіх, сяброў, даследчыкаў, музейшчыкаў. Лісты шмат тлумачаць з жыцця паэта, фіксуюць цікавыя факты і падзеі. Яны прасякнуты атмасферай эпохі, якая нарадзіла Максіма Багдановіча, як беларускага творцу, урэшце, яны аднаўляюць гісторыю ў дэталях і эмоцыях.
Госця студыі – вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец.
Пачатак эфіру праграмы «Творчы вечар» – 12 жніўня ў 21:05.