Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча працягвае юбілейны праект “Зорнае неба паэта. Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча”. Кожны другі чацвер месяца мы збіраемся ў нашай студыі, каб згадаць перыпетыі жыцця і творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры, які, дарэчы, да крыўднага мала пражыў на радзіме. Але яго творчасць наўпростава звязана толькі з мілай Бацькаўшчынай, яе мінулым, сённяшнім і будучым.
Мінск, Гародня, вёска Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне – помняць Максіма. У Ракуцёўшчыну ён прыехаў летам 1911 года з Вільні. У гэтай старасвецкай ваколіцы Багдановіч правядзе два плённых месяцы свайго жыцця, якія застануцца ў яго спадчыне. Цяпер тут у апошнюю нядзелю ліпеня Літаратурны музей Максіма Багдановіча традыцыйна ладзіць свята паэзіі і песні, якое збірае шматлікіх прыхільнікаў Багдановічавай спадчыны.
“Ракуцёўскае лета Паэта” – так вызначана тэма літаратурнага “Творчага вечара”. Госця студыі – вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец.