Падзяліцца:
"Зорная" прэм’ера ў “Тэатры Беларускага радыё”! (аўдыёбонус)
28 верасня 2018
"Зорная" прэм’ера ў “Тэатры Беларускага радыё”! (аўдыёбонус) 29-30 верасня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё адбудзецца прэм’ера радыёспектакля ў 2-х частках “Севярын і Гражына” паводле вядомай паэмы ў прозе Уладзіміра Караткевіча “Чазенія”. У цэнтры сюжэта – лёс таленавітага беларускага вучонага Севярына Будрыса, якога хвалююць праблемы захавання жывога на зямлі. У пошуках выхаду з душэўнага крызісу герой едзе на Далёкі Усход, дзе сустракае біёлага Гражыну Арсайлу. Дзякуючы ёй, Севярыну адкрываецца дзівосны свет прыроды Прыморскага краю, як вечны гімн жыццю, яго трываласці і неўміручасці. Кульмінацыяй радыёп’есы становіцца гісторыя кахання маладых людзей. Галоўныя ролі выконваюць: апавядальнік – народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, Севярын Будрыс – артыст Аляксандр Малчанаў, Гражына Арсайла – артыстка Марта Голубева, у астатніх ролях – заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў і Валянцін Салаўёў, артыст Аляксандр Вергуноў. Аўтар інсцэніроўкі Пятро Васючэнка, рэжысёр пастаноўкі Алег Вінярскі, гукарэжысёр Валерый Бяляеў, рэдактар і кіраўнік праекта Галіна Шаблінская. Прэм’ера адбудзецца 29 і 30 верасня 2018 года ў праекце “Тэатр Беларускага радыё” ў 22 гадзіны 5 хвілін. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё можна слухаць у дыяпазоне FM, у лічбавым стандарце DVB-T, а таксама ў рэжыме рэальнага часу на сайце радыё.бел. З праграмамі і навінамі канала можна пазнаёміцца ў сацыяльных сетках Facebook, Twitter, ВКонтакте, Одноклассники, мэсэнджары Viber і на відэахостынгу Youtube.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: