
У наш час, калі кожная хвіліна на ўліку, маршрутнае таксі заўсёды дарэчы – у адрозненне ад грамадскага гэты транспарт больш хуткі, зручны, камфортны. А вось ці бяспечны? Дарожныя здарэнні толькі апошніх месяцаў навялі на гэтую тэму, якая даўно мяне хвалявала як пасажыра такога віду гарадского транспарту.
Клікніце ў пошукавіку тэг «Маршрутка» і адразу прачытаеце: «Вадзіцель сталічнай маршруткі не справіўся з кіраваннем і наехаў на мачту асвятлення». Другое паведамленне пра жанчыну, якую збіла маршрутка на рэгулюемым пераходзе. А вось відэа: вадзіцель мікрааўтобуса перавозіць пасажыраў з адчыненымі дзярыма.
З апошніх рэзанансных і, на жаль, трагічных: аварыя пад Валожынам, у якой загінулі два чалавекі і 13 атрымалі траўмы. Як высветлілася, вадзіцель маршруткі – з 25-ці гадовым стажам і шлейфам парушэнняў. Нават двойчы яго пазбаўлялі правоў за перавышэнне хуткасці.
Ці такая статыстыка. У Гомелі штомесяц выяўляецца больш за 30 парушэнняў правілаў дарожнага руху і правілаў перавозкі пасажыраў вадзіцелямі марштурных таксі. Сярод самых распаўсюджаных – перавышэнне хуткасных рэжымаў, невыкананне правілаў манеўравання, пасадкі-высадкі пасажыраў, перавозка пасажыраў звыш колькасці месцаў, прадугледжаных у салоне.
Да гэтых парушэнняў, адзначаных супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, пасажыры дадаюць свае скаргі: на некарэктную язду, калі ад рэзкіх віражоў можна ўпасці на падлогу, пакуль дабіраешся да свабоднага сядзення, неналежны знешні выгляд вадзіцеля, брудны салон, гучную музыку і г.д.
Асабліва я, калі назіраю штодня за работай вадзіцеляў маршрутак, называю іх у думках сучаснымі Юліямі Цэзарамі. Бо яны, як і ён быў здольны, адначасова робяць некалькі спраў: кіруюць аўто, размаўляюць па тэлефоне, п’юць каву, разлічваюць пасажыраў… Можна, канечне, ухваляць такія здольнасці, але ці спрыяюць яны бяспецы руху?
Узгадайце, калі вы атрымлівалі ад вадзіцеля чэк-талон аб аплаце вамі паездкі? Гэты ваш праязны білет, дакумент-гарантыю, які, калі што здарыцца, пацвердзіць: вы былі пасажырамі менавіта гэтага аўто. Я, шчыра прызнацца, такога не прыгадаю. А вось ехаць у перапоўненым салоне – рэгулярна. Часта ўвечары амаль пустая маршрутка можа праехаць, мінуючы прыпынак, нібыта пасажыры ёй ўжо не патрэбныя. А можна і самім пераехаць свой прыпынак, калі вадзіцель, размаўляючы па тэлефоне, не пачуў вашу просьбу аб спыненні.
Наогул, гаворка па тэлефоне падчас руху – тэма асобная. Рэдкі вадзіцель маршруткі такое сабе не дазваляе. Добра, калі гэта тэрміновы званок калегу па маршруце, каб паведаміць пра нечаканую пробку на дарозе ці натоўп пасажыраў на прыпынку. А часцей – размовы на асабістыя тэмы ці яшчэ горш – высвятленне, хто каго абагнаў, які з калег рухаецца не па графіку. І ўсё гэта на эмоцыях…
Праўда, апошнім часам найноўшыя тэхналогіі ўзяты на ўзбраенне: вадзіцелі ўсё часцей карыстаюцца бесправаднымі навушнікамі. Але так ці інакш размова па мабільным адцягвае ўвагу і нездарма адносіцца хоць да дробных, але парушэнняў Правілаў дарожнага руху.
Зразумела, гэтыя заўвагі адносяцца не да ўсіх вадзіцеляў маршрутных таксі. Думаю, большасць з іх – дысцыплінаваныя, адказныя, адным словам, прафесіяналы за рулём. Дый самі сталічныя маршруткі ў большасці – новыя, камфартабельныя аўто, у салонах – відэа, сустракаецца і WI-FI.
Але ж прыведзеныя прыклады і статыстыка насцярожваюць. І адпаведныя службы на іх рэагуюць. Пасля рэзананснай аварыі ў Валожынскім раёне, ДАІ Мінскай вобласці ўзмацніла кантроль за хуткасным рэжымам маршрутак і аўтобусаў, правяраецца тэхнічны стан транспарту. У сталіцы зараз праводзіцца комплекс мерапрыемстваў пад назвай «Аўтобус», які накіраваны на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам маршрутных транспартных сродкаў. А кіраўніцтва ДАІ Гомельскай вобласці ініцыіравала пазапланавыя праверкі арганізацый-перавозчыкаў, вадзіцелі якіх сталі віноўнікамі аварый.
Думаю, што якаснаму абслугоўванню пасажыраў паспрыяюць і патрабаванні новай рэдакцыі Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў. У прыватнасці, прадугледжана, што вадзіцель той жа маршруткі павінен пачынаць рух толькі пасля заканчэння абілечвання ўсіх пасажыраў.
Мяркую, што і мы, пасажыры, павінны дапамагчы зрабіць сваю паездку на маршрутным таксі бяспечнай. Напрыклад, загадзя падрыхтаваць грошы для разліку за паездку і пажадана без здачы. Не «уцісквацца» ў перапоўнены салон, нават калі спяшаецеся, а пачакаць наступную машыну. Не забываць патрабаваць дакумент платы за праезд. І нават не саромецца даць заўвагу вадзіцелю, калі той доўгі час гаворыць па мабільным ці едзе з вялікай хуткасцю. Дарэчы, ва ўзгаданым раней Гомелі інфармацыя пра кожнае трэцяе парушэнне была атрымана менавіна ад відавочцаў.
Нарэшце, прапаную кожнаму пасажыру заўсёды вітацца, заходзячы ў салон, і не забываць дзякаваць за камфортную паездку. Ветлівасць – вялікая сіла. А маршрутка – карысны і патрэбны від транспарту.
Я так думаю, а вы?