Падзяліцца:
«Зручнасць – для ўсіх. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
31 Ліпеня 2019
«Зручнасць – для ўсіх. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Пад заслону тэатральнага сезону я разам з матуляй вырашыла завітаць у тэатр, выбралі любімы драматычны імя Горкага. Знакамітая камедыя Бернарда Шоу «Пігмаліён» была якраз, як гаворыцца, пад настрой. Гэтая рамантычная гісторыя аб пераўтварэнні простай вулічнай гандляркі кветкамі ў вытанчаную свецкую лэдзі заўсёды кранае сэрца і выклікае станоўчыя эмоцыі. Але нас чакала расчараванне… Не, не самой пастаноўкай і не ігрой акцёраў. Наша маладая актрыса Вераніка Пляшкевіч, якая гучна заявіла пра сябе і на сцэне, і на кінаэкране, і на гэты раз была яркай, бліскучай, а яе Эліза Дулітл – пераканаўчай, дасканалай у сваіх шматлікіх вобразах. Справа ў тым, што мая маці, жанчына паважанага ўзросту, з цяжкасцю дабралася да глядзельнай залы. У памяшканні тэатра зараз рамонт, і спектаклі ідуць на сцэне ДК прафсаюзаў. А да сцэны той – шлях мудрагелісты: тры лесвічныя пралёты ўніз, а затым столькі ж уверх. І на маё пытанне, чаму не адчынены дзверы, якія вядуць адразу ў фае палаца, а потым раўнютка ў глядзельную залу, жанчына-капельдынер толькі разгублена папрасіла прабачэння. Хто не падумаў пра зручнасць тэатралаў сталага ўзросту – адміністрацыя тэатра ці палаца – я не высвятляла, бо ведаю, з такой сітуацыяй можна сустрэцца і ў некаторых іншых “ачагах культуры”. Але ж у самім тэатры ёсць магчымасць трапіць у фае і гардэроб нават адразу з вуліцы пры дапамозе ліфта, які побач з прыступкамі, што вядуць да галоўнага ўваходу. Для зручнасці гледачоў з абмежаванымі магчымасцямі ёсць ліфт і ў тэатры імя Я.Купалы, які з камфортам даставіць на першы паверх з уваходам у партэр. Наогул, як канстатуюць у Мінгарвыканкаме, даступнымі для людзей з інваліднасцю сталі ўжо 78 працэнтаў устаноў культуры, якія належаць гораду. Спецыяльныя пандусы для інвалідаў-калясачнікаў усталяваны ля ўваходу ў Белдзяржфілармонію, Маладзёжны тэатр, Тэатр юнага глядача, а да цыркавога манежу можна дабрацца з дапамогай адпаведнай прылады. Але, на жаль, такія зручнасці не ўсюды. Дый там, дзе ёсць, дамаўляцца неабходна загадзя, выклікаць на дапамогу спецыяльных супрацоўнікаў, як у Вялікім тэатры, Новым драматычным, Тэатры беларускай драматургіі ці Мастацкім музеі. Зразумела, новыя будынкі адразу праектуюцца з улікам безбар’ернага асяроддзя. Напрыклад, у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць стацыянарныя пад’ёмнікі, а ўвесь шлях паміж заламі пакаты і без прыступак. Мінск-Арэна мае зручныя ліфты, якія давязуць на любы паверх-ярус. У Палацы Рэспублікі можна скарыстацца эскалатарамі. Апошнім часам інфраструктура сталіцы актыўная насычаецца элементамі безбар’ернага асяроддзя. Гэта не толькі пандусы ў жылых дамах і падземных пераходах, але і моўныя інфарматары на вуліцы і ў медыцынскіх установах, заніжаныя бардзюры і тактыльная тратуарная плітка для слабавідушчых, нізкападлогавы грамадскі транспарт для фізічна аслабленых людзей. Летась 104 сталічныя аб’екты, у большасці сацыяльнай інфраструктуры і жылога фонду, былі забяспечаны безбар’ерным асяроддзем. Сёлета запланавана 150 такіх аб’ектаў, сярод якіх і новыя пабудовы, і тыя, што рамантуюцца. Такая работа вядзецца ў кожным рэгіёне краіны ў рамках рэалізацыі 4-ай падпраграмы “Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб” Дзяржаўнай праграмы “Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва”. А з 1 жніўня ў Беларусі ўводзяцца новыя стандарты для гарантавання безбар’ернага асяродддзя, якія павінны дапамагчы людзям з інваліднасцю, а таксама і пажылым людзям, адчуваць сябе больш камфортна ў грамадскіх месцах, пры наведванні аб’ектаў агульнага карыстання, забяспечыць большую даступнасць тых жа ліфтаў для пасажыраў усіх катэгорый. Заканадаўчы, адміністрацыйны рэсурс, зразумела, вырашае пастаўленыя задачы і галоўныя праблемы. Але нельга забываць і пра маральны, чалавечы фактар. Бо там, дзе паважаюць інтарэсы кожнага жыхара, наведвальніка, гледача, не зважаючы на ўзрост і фізічныя магчымасці, дзверы, кажучы вобразна, заўсёды будуць адчынены. Дарэчы, сёння у ДК прафсаюзаў – джаз, які я, як і мая маці, вельмі любім. Але на заакіянскіх джазменаў мы не пойдзем. Лесвіцы перашкаджаюць… Сусветнавядомы мастак і скульптар Міхаіл Шэмякін лічыць, што такі звыклы для нас прадмет, як лесвіца, адыгрывае ў жыцці чалавека філасофскую ролю, і прыступкі можна лічыць сімвалам чалавечага існавання. Бо калі мы імкнёмся да сваёй мэты, да чагосьці высокага, то нібыта ўзбіраемся ўверх, як па лесвіцы, крок за крокам. А калі робім нешта непрывабнае, дрэннае, то апускаемся, як гаворыцца, ніжэй за плінтус. Мастак нават сабраў незвычайную экспазіцыю розных лесвіц, ад старадаўніх да сучасных, і адкрыў у сваім Цэнтры ў Санкт-Пецярбургу выставу з 700 работ пад назвай “Лесвіца ў свядомасці, быце і мастацтве”. Думаю, што кожны з нас, малады і здаровы, сталы і слабы, інвалід у калясцы ці невідушчы, дастойны таго, каб рух па любой лесвіцы быў зручным, без перашкод.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: