Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Будзем разам!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
15 Лістапада 2019
«Звычайныя гісторыі. Будзем разам!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Так многа хочацца сказаць вам сёння! Бо дзень такі - Дзень нараджэння Беларускага радыё. 15 лістапада 1925 года на радыёстанцыі імя Саўнаркама БССР у Мінску ўпершыню прагучалі нашы пазыўныя. І ўсе гэтыя гады, а ў наступным будзе 95(!) – мы разам! Змяняліся пакаленні слухачоў і тых, хто працуе тут, а пазыўныя з Чырвонай, 4 па-ранейшаму з вамі. У музеі Беларускага радыё і тэлебачання ёсць унікальныя экспанаты, якія расказваюць пра першыя гады станаўлення Беларускага радыё. У артыкуле газеты «Звязда» ад 16 лістапада 1925 года паведамлялася не толькі пра дату адкрыцця, а і пра дакладны час выхаду ў эфір першай перадачы – у 18.30! Памятаю, як мы здзіўляліся «вынаходніцтву» нашых папярэднікаў – аказваецца, каб адбіць дакладны час, у студыі ў тыя далёкія часы стаяў раяль, і колькасць удараў па яго клавішах адпавядала колькасці гадзін! Затым пачынаўся эфір. Найбольш практыкавалася прамое вяшчанне: дыктараў, выканаўцаў песень, дэкламатараў літаратурных твораў. Праз гады і дзесяцігоддзі нельга без хвалявання слухаць запісы, якія захоўваюцца ў фанатэцы Дома радыё. Гэта надзвычай цікавы экскурс у гісторыю! Тут можна паслухаць галасы першай у Беларусі жанчыны-машыніста паравоза Агаф’і Маркевіч, стаханаўкі-трактарысткі Святланы Рачок, Героя Сацыялістычнай Працы Цімафея Смірнова, удзельніка рэвалюцыі, камуніста Барыса Вальняка і многіх-многіх іншых! Першыя дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі савецкага ўрада мясцовым органам улады таксама перадаваліся па радыё. Як тут не ўзгадаць знакамітую ленінскую фразу: «Радыё – гэта газета без паперы і адлегласцей». Асабіста мяне ўразіла і тое, што ў фондах нашага радыё ёсць і тыя гістарычныя радыёграмы, і нават голас Леніна, яго прамова «Што такое савецкая ўлада»!.. Дата перазапісу – кастрычнік 1955 года. А калі бліжэй да нашых дзён?!. Некалькі гадоў таму мы аб’явілі конкурс на найлепшую гісторыю «Радыё ў вашым жыцці». Атрымалі шмат гісторый – аповедаў, замалёвак, эсэ, кароценькіх успамінаў пра тое, як і калі вы далучыліся да радыё? Расказвалі вы і пра тое, як радыё паўздзейнічала на выбар вашага жыццёвага шляху. І нават на ваш лёс! А колькі было вясёлых, забаўляльных і незвычайных гісторый, звязаных з радыё! «Што для мяне радыё?.. Гэта ўспаміны пра маленства. Прыемныя гадзіны, праведзеныя з мамай ля радыёпрыёмніка. Дзякуй вам за тое, што вы ёсць!..» Ірына Каронава. Аграгарадок Лясны Мінскага раёна. «Мой першы ўспамін аб радыё... Гэта быў пяты ці шосты год пасля вайны... Я бегала да сяброўкі, каб яго паслухаць!.. Мы так захапляліся, не перадаць словамі!» Магілёўская вобласць. Прозвішча не пазначана. «Атрымала першую ў жыцці зарплату. Мы з малодшым братам вырашылі патраціць яе на набыццё радыёпрыёмніка». Наталля Краўцова. Гомель. «Радыё вісела на сцяне, вялікая чорная талерка. Гэта было ў вёсцы майго дзяцінства, у Юраўцы Магілёўскай вобласці. Мне, малой, так хацелася пагаварыць з... дыктарам. Аднойчы я дацягнулася да прыёмніка і гучна запытала: «Цётка, ці чуеш мяне?.. Я цябе добра чую!..» – але ж дыктар па-ранейшаму працягвала свой аповед». Галіна Крупянкова. Мінск. «Радыё мы ніколі не выключалі. Толькі ў навальніцу. Гэта быў і гадзіннік-будзільнік. І час правяралі. І пра надвор’е слухалі». Ія Міхневіч. Наваполацк. «Я даўно на пенсіі. Па-ранейшаму мне больш за ўсё патрэбна радыё! Са мною заўсёды – Першы нацыянальны!» Вольга Гарэлік. Гродна. І яшчэ вось пра што хацелася б сказаць сёння, у дзень нараджэння Беларускага радыё. Некалькі гадоў таму я вяла праграму «Радыёлетапіс краіны». Тады быў чарговы юбілей. Сустракалася з многімі маімі калегамі. Яны часта гаварылі: «Радыё – гэта маё жыццё!» І сапраўды, хто аднойчы палюбіць яго, затрымаецца тут надоўга. І многае ў жыцці будзе падпарадкоўвацца яму – радыё! І гэта, лічу, шчаслівае супадзенне. Да новай сустрэчы! Будзем разам!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: