Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Думкі ўвосень». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
16 Кастрычніка 2019
«Звычайныя гісторыі. Думкі ўвосень». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Не раз, напэўна, і вам даводзілася разважаць пра восень у прыродзе і ў жыцці чалавека -- тут можна знайсці столькі параўнанняў, асацыяцый, роздумаў, тут і сум набяжыць, але ж ён нейкі асаблівы, гаючы. «Кастрычнік-лістапад – самыя, бадай што, маркотныя каляндарныя месяцы. Як пражыць іх так, каб не паддавацца скрусе, не ўпасці ў дэпрэсію?..» – пытаецеся вы. «Раней і слова такога не ведалі. Жылі. Працавалі. Рыхтаваліся да зімы. Асабліва на вясковых падворках» – адказваюць іншыя. А яшчэ гэта быў час асенніх кірмашоў. Надзвычай вясёлая і яркая дзея! Як тут не ўзгадаць знакаміты Ганненскі ў Зэльвенскім раёне?! Пачатак бярэ ажно ў 1501 годзе. Як сведчыць гісторыя, у гэтае беларускае мястэчка з’язджаліся гандляры з многіх краін свету і на працягу месяца (!) там віравала адметнае жыццё. Традыцыя адноўлена ў нашы дні, але ж гэта ўжо іншая гісторыя. Кірмашы ладзіліся (ды і ладзяцца) і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі, так што вы таксама можаце пра іх расказаць у сваіх лістах. Надзейны сродак ад суму – і тут мы не адкрыем нічога новага – праца! Ці нейкі любімы хатні занятак. Галоўнае, не сядзець і не маркоціцца, калі за вокнамі дождж і непагадзь. Упэўнена, Сяргею Іванавічу Шклярэўскаму (яму ідзе 92 год!) няма калі сумаваць. Знакаміты фельчар, загадчык Покрашаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Слуцкага раёна, «земскі доктар» самааддана працуе вось ужо амаль што 70 гадоў! На адным месцы! Дарэчы, якраз у кастрычніку 1978 года Шклярэўскаму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Сярод 9 герояў-медыкаў застаўся ён адзін. І па-ранейшаму на «баявым» пасту! Ці вось вам яшчэ прыклад, калі праца, занятак па душы дапамагаюць жыць у радасці і з аптымізмам. «Я ўжо ва ўзросце, а планаў яшчэ шмат. Вышываю ўсё жыццё, без іголачкі з нітачкай жыць не магу» – дзеліцца Лідзія Радзівонаўна Зарэцкая, вядомая ў Беларусі майстрыха-вышывальшчыца з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна. Падушкі і ручнікі, рознакаляровыя дываны, абрусы, сурвэткі, карціны – усё гэта яе неверагодна прыгожы скарб! Вышыла яна і «Дрэва жыцця» свайго роду. 116 чалавек (пачынаючы з 1830 года!) 16 прозвішчаў, 7 пакаленняў! І ў кожнага з вялікай сям’і – свой лісточак на гэтым «дрэве». А карта Беларусі – таксама ж сапраўдны цуд. Неверагодна, як можна было вышыць больш за тысячу (!) толькі вялікіх літар: назвы гарадоў, пасёлкаў, вёсак, рэк і азёр, а таксама – 82 васількі, 280 лісточкаў, 54 званочкі і г.д. Перад эфірам тэлефаную Лідзіі Радзівонаўне – і ўсё наўкол, здаецца, патанае ў яе эмоцыях, дабрыні, цеплыні і любові! Такое адчуванне, што гэтых шчырых пачуццяў у яе хапае на ўсіх людзей! На ўсю Беларусь!.. Думкі ўвосень… Часта яны збягаюць туды, у далёкае юнацтва і маладосць. Многія з вас у пісьмах на радыё ўспамінаюць пра сваё першае каханне. І гэта таксама сагравае ў такую вось часта пахмурную пару. «Мы з Косцікам раслі ў адной вёсцы, сябравалі, пакахалі адно аднаго, – радкі з ліста ад Марыі з Пінска. – Я праводзіла яго ў армію. Але ж так распарадзіўся лёс, што перапіска абарвалася... Як потым высветлілася, яго бацькі забаранілі яму са мной і перапісвацца, і бачыцца. Было вельмі крыўдна, балюча. Але ж мінуў час, боль сціхаў. Я выйшла замуж, маю цудоўных дзяцей і ўнукаў. А яго пісьмы салдацкія і дагэтуль захоўваю. 43 гады!.. Часам перачытваю, у думках пераношуся ў далёкае мінулае, раздумваю: чаму ж так выйшла, чаму ж ён не заступіўся за сваё каханне?..» ...Восень і кастрычнік могуць падарыць і мімалётную радасць! Галоўнае – не быць насупай. «Вой, які «дожджык» сёння! Ліставы!..» – смяюцца дзяўчынкі, ловячы ручаняткамі ўзнятае ветрам лісце. «Вой, як хораша клёны «гараць» на ўзлеску!..» – кажа адна жанчына другой, зірнуўшы ў акно электрычкі. А то прыйдуць на памяць вядомыя многім паэтычныя радкі: «Восень паліць кастры, як паліла не раз...» І на душы зусім іншы настрой, лёгкасць і нават нейкае адчуванне палёту. Восень у прыродзе і чалавечым жыцці… Багатая, яркая пара. І трошкі сумнаватая. Яно так, але ж гэта ўжо залежыць ад нас – падпускаць яго, гэты сум, да сябе, ці настроіцца выключна на пазітыў. Давайце вучыцца гэтаму разам! Так што дасылайце свае «рэцэпты» добрага настрою на адрас Беларускага радыё. І свае думкі пра восень.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: