
Што такое годнасць? Кожны з вас, напэўна, спрабаваў знайсці свой адказ; не раз і я слухала разважанні маіх суразмоўцаў.
«Годна пражыла наша бабуля, – сказала аднойчы мая дачка. – Колькі памятаю яе, усё працавала, працавала. Ніколі на лавачцы з суседкамі не прысела, не любіла марнатраўства, пляткарыць... А яе рукі?!. Шурпатыя, мазолістыя, напрацаваныя. І самыя прыгожыя, пяшчотныя і дарагія. Рукі годнага чалавека!»
Гэтае прызнанне мяне неяк моцна ўзрушыла і зачапіла. Які нечаканы паварот: рукі і чалавечая годнасць?!. Таму і вырашыла паразважаць з вамі на гэтую тэму.
«Годнасць – паняцце, якое адлюстроўвае ўяўленне аб каштоўнасці чалавека як маральнай асобы, а таксама катэгорыя этыкі, якая абазначае маральныя адносіны чалавека да самога сябе і грамадства да яго». Гэта што тычыцца энцыклапедычных крыніц. Варта зазначыць, азначэнне годнасці «вандруе» яшчэ з часоў эпохі Адраджэння! Як падараванае звыш, так і прыроджанае і самабытнае. Годнасць – гэта прыстойнасць ва ўсім і тактоўнасць, павага да людзей, пачуццё меры і душэўная прыгажосць! А яшчэ ўменне не здраджваць сваім прынцыпам і ідэалам.
Гэтае пачуццё, мне думаецца, нараджаецца з намі на той зямлі, адкуль нашы вытокі. «Жыву я ў маленькай вёсачцы Пузавічы, што на Браслаўшчыне, – радкі з ліста Кацярыны Фярковіч. – Шмат нягод вынесла і вёсачка, і мае аднавяскоўцы». І далей – шчымлівая споведзь пра тое, якія там дзівосныя мясціны, яе душа назаўсёды прыкіпела да гэтага куточка, і што ён для яе – сапраўдны гонар! Хочацца спадзявацца, што і моладзь, якая адтуль выйшла, атрымала менавіта там сваю «прышчэпку» годнасці.
«У маёй палескай вёсачцы жылі некалі сапраўдныя інтэлігенты, са шляхецкім гонарам, – радкі з ліста Таццяны Мартынюк з Лунінецкага раёна. – Ніколі я не чула лаянкі, брыдкаслоўя ні ў нашай сям’і, ні ў суседзяў. З’явіцца на вуліцы ці ў якім-небудзь людным месцы п’яным было верхам непрыстойнасці! Былі і ў нас забулдыгі, да іх ставіліся са спачуваннем, як да прапашчых і хворых людзей».
Прыстойны, годны чалавек ніколі не дазволіць сабе здрадзіць сваім прынцыпам і маральным каштоўнасцям. Праўдзівасць, добрасумленнасць, сціпласць, інтэлігентнасць!.. Гэтыя паняцці, на вялікі жаль, дэвальвіруюцца часам і сучасным жыццём, не заўсёды цяпер, як кажуць, «у трэндзе». І гэта, лічу, адна з прычын, чаму маладым людзям так цяжка знайсці духоўнае апірышча, жыць у суладдзі з сабой і навакольным светам. Можа, адсюль і брыдкаслоўе ў транспарце, і непавага да пажылых, няўважлівасць, не жаданне саступаць месца, і г.д. Да болю крыўдна чуць нецэнзурную лаянку, якая зрываецца з вуснаў дзяўчат і маладых матуль. Пра якую годнасць тут можна казаць?!
Пачуццё ўласнай годнасці, мне думаецца, закладваецца ў чалавека на генным узроўні. Запомнілася гісторыя ад Валянціны Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна. Гісторыя пра яе радавод. Аб прадзедзе, які прыехаў з Польшчы ў Беларусь, купіў зямлю і стаў яе адданым гаспадаром. Ніякай працы не баяўся. Мог і хату збудаваць, і печ скласці, і поле ўзараць-засеяць. У сям’і былі пяцёра дзяцей. Усе цягнуліся да працы і ведаў. А потым – калектывізацыя і «блуканні па пакутах». Яе прадзед загінуў на сваёй канюшні, аддана і годна. Не скарыўся, не здрадзіў сваёй зямлі і запаветнай мары.
«Годнасць – каштоўная абалонка вакол кожнага з нас, неад’емная частка нашай «чалавечнасці». На разуменне годнасці ўплываюць асаблівасці гістарычнай эпохі, у якой ён (чалавек) жыве», – зазначаюць энцыклапедычныя крыніцы.
А ў народзе проста кажуць: «Хто шануе сябе, таго і людзі шануюць».
І яшчэ. Са сваёй сяброўкай маю стасункі ў сацыяльных сетках. Развітваецца яна заўсёды аднолькава: «Шануйся, сяброўка»! У мяне гэта выклікае ўсмешку і нейкае асаблівае і цёплае пачуццё.
Дасылайце і вы свае роздумы. І да новай сустрэчы!