
Як толькі надыходзіць снежань, лаўлю сябе на думцы, што гэта асаблівая пара – прадчуванне нечага хвалюючага, таямніча-ўзнёслага, абнадзейваючага! Напластаванне пачуццяў!..
У такія дні хочацца зрабіць які-небудзь паэтычна-захоплены сюжэт, няхай сабе і ў прозе. І падарыць яго вам! Ну, а калі нешта падобнае знаходжу і ў вашых лістах, радуюся, што мы з вамі на адной хвалі.
Калі бывае светла ад ...снежня?
«Люблю, калі выпадае першы снег. Прыцярушвае яшчэ зусім нясмела, але ж усё наваколле аж дзівіцца ад гэтай нечаканай раптоўнасці», – радкі з ліста ад Таццяны Кожаравай з Віцебска.
Ці вось яшчэ: «У такую пару хораша апынуцца на лецішчы, пасярод лесу. Удваіх. І каб снег заносіў маленькі дамок аж пад самую страху, а ў печцы патрэсквала паленне і гуло ў коміне», – прызнаецца Наталля. Прозвішча не пазначана.
Узгадваю сустрэчу і расповеды Ірыны і Міхаіла Макеяў. Сямейная пара, гаспадары сядзібы «Верас», што ў Зэльвенскім раёне. Непадалёку –знакамітыя Сынкавічы. Распачыналі яны сваю фермерскую справу амаль што пасярод пусткі. Першае, што прыдумала і зрабіла Ірына – альпійскую горку. Кветкі, хвойнікі радуюць вока і цяпер! Іх шмат наўкол, а тая яе першая горка – самы дарагі знак на зямлі. Яго не замяце аніякі снежань! Ён заўсёды ў яе памяці.
А вось светлая снежаньская гісторыя ад Яніны Браніславаўны Лянкевіч з Івянца. Яна расказала пра вуліцу ў іх пасёлку: невялікая, дамоў няшмат, выглядаюць ветліва, нібыта людзі са шчырымі і добрымі позіркамі. Тут няма высокіх парканаў, бачны кветнікі, газончыкі. «Я не раз разважала: чаму такая светлая гэтая вуліца?.. Чаму тут людзі такія?!. Аказалася, тут жывуць ажно пяць Святлан! Яны завадатаркі ўсіх добрых спраў, аб’ядноўваюць суседзяў, натхняюць на пазітыў. Такое ўражанне, што і ад іх, Святлан, усё наўкол святлее».
«Ні снежань, ні зіма не замятуць дарогу да бацькоўскай хаты, калі ты па-сапраўднаму любіш і шануеш сваю малую радзіму», – разважаюць у сваіх лістах многія нашы слухачы.
Я і дагэтуль памятаю прызнанне настаўніцы Галіны Шкадун бацькоўскаму куточку, яе Кавалям (вёска ў Мядзельскім раёне, цяпер, на вялікі жаль, былая...), прызнанне ўсяму – калодзежу маленства, Захаркаваму дубу, Чумачкову лесу, сажалцы, бацькам, дзеду-кавалю!.. Дарэчы, яна не любіць пра гэта гаварыць, як кажуць у вёсцы, «на ўвесь свет», бо ўсё гэта глыбока жыве ў яе душы і сэрцы. Як і яе даўняя мара: як мага больш даведацца пра свой радавод, пра тое, як некалі вянчаліся ў касцёле, у Крывічах, усе з яе роду, як дзетак там жа хрысцілі.
У карцінах нашага вядомага мастака Валерыя Шкарубы няма проста восені ці зімы, цемнаты ці святла, у іх – надзвычай тонкі пераходны стан, які захапляе сваёй філасофіяй і глыбінёй, прымушае думаць і разважаць пра вечнае. Не ведаю, як цяпер, а раней, як толькі «заснежыць снежань», ён адпраўляўся ў лес з эцюднікам рабіць занатоўкі для сваіх будучых карцін. Мастак любіць адзіноту і абагаўляе цішыню. Пра пачуццёвасць яго твораў гавораць назвы – «Хваляванне», «Забыццё», «Дакрананне», «Непазбежнасць», «Уварванне»... Што да апошняй – на ёй зімовы эцюд. Узлесак, прысыпаны снегам, дрэўцы, кусты, усё так немудрагеліста і проста! Але ж за ўсім гэтым – клопат мастака пра тое, каб людзі бераглі і шанавалі прыроду, не парушалі, не ўрываліся ў яе спрадвечную недатыкальнасць.
...Калі заснежыць снежань! Згадзіцеся, у гэтым ёсць свая шчымлівая музыка! І незвычайнасць яе адценняў, калі многае адбываецца нібыта ўпершыню. А то раптам праступіць і ажыве ўсё такое блізкае і дарагое – дарога дадому, маці ля веснічак, калодзежны журавель, сад у інеі, дымок над комінам...
Снежань абуджае жаданне прыпыніцца, азірнуцца, каб ужо ў студзені многае пачаць з чыстага ліста.
Буду вельмі ўдзячная, калі і вы, паважаныя слухачы, дапоўніце вось гэтыя мае роздумы. Дасылайце іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.