Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Лён – як сімвал Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
29 лістапада 2019
«Звычайныя гісторыі. Лён – як сімвал Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Канец лістапада – доўгія ночы, кароткія дні. Спрадвеку ў такі час нашы продкі збіраліся на вячоркі: каб пагаманіць, паспяваць, заняцца самым розным рамяством. Менавіта такой парой пачыналіся «попрадкі». Прызнаюся, да лёну ў мяне нейкае асаблівае стаўленне. Захапляе і тое, як ён расце, разліваецца сваім нябесным блакітам, спее, і як тады тоненька звіняць яго дзівосныя званочкі. У знак падзякі і шматвяковай вернасці гэтай культуры беларускі народ увекавечыў кветку лёну ў Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь – як сімвал пераўтваральнай моцы працы, знак дабра і дастатку. «Памятаю, як мы ўсёй сям’ёй ірвалі лён, вязалі, сушылі, малацілі. Мне было дзіўна, як нашы матулі і бабулі наводзілі мяжу паміж сваім участкам і суседнім. Поле ж шырокае! Прыкладна метраў 12-20, і даўжынёй метраў 400! Жанчыны навязвалі мяжу пучкамі лёну. Роўненька атрымлівалася, нібыта пад лінейку», – радкі з ліста Наталлі Ярмоліч з аграгарадка Альшаны Столінскага раёна. Мне здавалася, што лён – расліна выключна наша, беларуская! Яно так, здаўна яго вырошчвалі, але ж, па звестках гісторыкаў, лён з’явіўся недзе каля 7-9 тысяч гадоў таму ў Старажытным Егіпце, у міжрэччы Тыгра і Еўфрата. Тканіны з ільну лічыліся элітнымі. У іх, напрыклад, заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў. Пазней з яго рабілі тунікі старажытнарымскім сенатарам. Знакамітая Турынская плашчаніца з лікам Хрыста таксама саткана з ільну! Пытаннямі яго апрацоўкі займаліся нават такія геніяльныя асобы, як Леанарда да Вінчы, ён вынайшаў спецыяльны калаўрот! Першапачаткова гэтую традыцыйную для славян культуру вырошчавалі, апрацоўвалі і выкарыстоўвалі сяляне. І толькі ў канцы 19 стагоддзя купцы сталі будаваць ільняныя фабрыкі. Станкі прывозілі з Галандыі, Францыі, Англіі. Былі мануфактуры і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. А наш знакаміты Аршанскі льнокамбінат вядзе сваю гісторыю з 1930 года. Беларусь – адна з тых краін, дзе ёсць найбагацейшы досвед вырошчвання і перапрацоўкі гэтай культуры. Наша краіна займае другое (пасля Францыі) месца ў свеце па вытворчасці трасты і валакна. Сёлета льняное поле раскінулася на плошчы ў 48,9 тысяч гектараў. Нарыхтавана 153,4 тысячы тон трасты. Вядомы акадэмік, дырэктар Інстытута лёну Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Голуб не без гонару паведаміў перад гэтым эфірам, што за апошнія 10 гадоў выведзена 16 айчынных сартоў ільну-даўгунцу і 4 алейныя! Што да апошніх, дык раней іх наогул у нас не было. У нашай пошце нямала лістоў, дзе вы захапляецеся і гэтай культурай, і вырабамі з яе. Распавядаеце і пра тое, як у піліпаўку доўгімі вечарамі жанчыны пралі кудзелю, а пасля зімовых святак усталёўвалі ў хатах кросны. Наша слухачка Алена Іванаўна Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна піша пра тое, як адказна ставіліся жанчыны да гэтай дзеі! Збіраліся талакою. «І жыло тады павер’е. Жанчыны павінны былі сабрацца хуценька і разам, пакінуўшы ўсе свае хатнія справы. Бо лічылася, што толькі ў такім выпадку аснова будзе ўдала навівацца, а палатно з-пад чаўнака выйдзе роўным і гладкім!» А колькі вершаў, песень прысвечана лёну!.. Як тут не ўзгадаць «Ох, і сеяла Ульяніца лянок»? Напісана яна ў гонар знакамітага льнавода Ульяны Іванаўны Маханенка. Пазней яна стала старшынёй аднаго з калгасаў Чавускага раёна. Аб яе працы ведалі нават у Крамлі – ездзіла на ўручэнне медаля «За працоўную доблесць». У першыя дні вайны яе, камуністку Ульяну Маханенка, расстралялі фашысты... Пра народную гераіню засталася народная песня, радкі ў кнізе «Памяць» і партрэт у раённым музеі. Мне, дарэчы, пашчасціла яго бачыць. «Лён – гэта Бога сінічкі», – вось як кранальна і глыбока заўважыла ў сваіх вершаваных радках Вольга Жэрка з Нясвіжа. А ў вёсцы Цінявічы Карэліцкага раёна ў гонар «сінявокага» мясцовыя жыхары праводзяць фэст, пранізаны подыхам гісторыі, мясцовымі традыцыямі і абрадамі. Дапоўніце і вы, паважаныя слухачы, гэтую своеасаблівую «оду» ў гонар ільну! І да сустрэчы!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: