
Адметнасцю года, які хутка адыдзе ў гісторыю, з’яўляецца і тое, што ў Беларусі ён аб’яўлены Годам малой радзімы. Як, дарэчы, і наступны, 2020-ы. Прыняцце такога рашэння на дзяржаўным узроўні выклікала ў жыхароў вялікіх гарадоў, маленькіх вёсачак і пасёлкаў шмат шчырых глыбокіх думак і разважанняў аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека.
У нашай пошце таксама шмат такіх лістоў.
«Вакол вёсачкі Асмолаўка, дзе я нарадзілася і вырасла – смаляны сасновы лес. Напэўна, ад слова «смала», – піша Тамара Мікалаеўна Хрушчова з аграгарадка Цяхцін Бялыніцкага раёна. – Падчас вайны вёска стала своеасаблівай сувязной. Да нас часта наведваліся партызаны, ім дапамагалі мясцовыя жыхары, і мой тата таксама». І далей у лісце пра тое, як аднойчы наляцелі карнікі, спалілі Асмолаўку. Адбудавалася яна пасля вайны. З пашанай і любоўю да сваіх землякоў распавядаецца ў лісце і пра тое, што тут некалі жылі сапраўдныя майстры: шапавалы, швачкі, бондары, краўцы.
«Мінулі гады, і цяпер вёсачка замоўкла... Старыя сыходзяць, моладзь раз’ехалася, многія сядзібы зараслі хмызняком. Засталіся толькі Паліна, Ганна, Аліна, Вольга ды Аляксей...» – з сумам канстатуе аўтар гэтага ліста.
Вельмі кранае тое, калі памяць пра зніклыя вёскі жыве не толькі ва ўспамінах яе жыхароў, а і ў канкрэтных справах. Неяк у лістах з Пастаўшчыны я даведалася пра вёску Хрыстова. Мясцовы жыхар па прозвішчы Татаранка за свой кошт вырабляе шыльды з назвамі вёсак, якія зніклі, і ставіць іх там, дзе раней яны былі. Згадзіцеся, шчымлівае ўшанаванне памяці.
Ці вось, скажам, разьбяр, жыхар вёскі Стойлы Пружанскага раёна Мікола Тарасюк (цяпер яго няма з намі) у сябе на падворку стварыў сапраўдную драўляную вёску, і тым самым увекавечыў вобразы сваіх землякоў. Ён стаў лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», атрымаў грамадскі ордэн «За вернасць Бацькаўшчыне». Яго ведаюць не толькі ў Беларусі, дарэчы, дзякуючы фільму рэжысёра Віктара Аслюка «Драўляны народ».
Адрадзіць, аднавіць бацькоўскую сядзібу, вуліцу маленства, а можа і цэлую вёску – усё можна ажыццявіць, калі да гэтага ляжыць душа. І таму ёсць нямала прыкладаў: усё часцей з’яўляюцца ў нас школьныя і вясковыя краязнаўчыя музеі, праводзяцца святы вёсак, на якія з’язджаюцца былыя аднавяскоўцы. Як гэта цудоўна і хораша! Чуеш пра гэта і ўшчуваеш сябе за тое, што ці то не паспяваеш, ці то па нейкіх прычынах не можаш зрабіць тое самае і ў сваёй роднай вёсцы. Як не раз заўважалі і нашы слухачы, не важна, якой будзе гэта дапамога – матэрыяльнай ці асветніцкай, з вывучэннем, даследаваннем гісторыі тых мясцін, адкуль ты родам, – гэта ўжо залежыць ад магчымасцей і жаданняў кожнага.
Наша пастаянная слухачка з Мінска Галіна Сцяпанаўна Крупянкова часта ўспамінае вёску маленства Юраўку. Ёй сніцца і невялічкая рэчка Касіна, і поплаў, дзе цвілі кветкі, сад і духмяныя антонаўкі, і той вечар, калі хлопец з суседняй вёскі праводзіў яе дадому... «Усё цяжэй сабрацца і паехаць на радзіму, – заўважае Галіна Сцяпанаўна, – але аднойчы прысніўся мне мой сад, я хадзіла паміж дрэвамі, любавалася, як ён цвіце!.. Раніцай прачнулася з цудоўным настроем, а праз колькі часу паездка на радзіму ўсё ж адбылася».
А як тут не ўзгадаць пра нашых знакамітых землякоў! Па волі лёсу апынуўшыся ўдалечыні, яны ніколі не забывалі пра родныя сэрцу мясціны: мастак і кампазітар Напалеон Орда, вучоны, даследчык і геолаг Ігнат Дамейка, этнограф Мікалай Судзілоўскі, мастакі Марк Шагал, Іван Хруцкі, вучоны-фізік Барыс Кіт, аўтар вядомага паланеза «Развітанне з Радзімай» Міхал Клеафас Агінскі і многія-многія іншыя. Гэта і пра іх так трапна заўважыў пісьменнік Уладзімір Караткевіч: «Чалавек носіць сваё неба з сабой!»
Неяк яшчэ са студэнцкіх гадоў запомніліся мне вось гэтыя паэтычныя радкі Рыгора Барадуліна:
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Яны заўсёды са мною. У памяці. У душы. І нават тады, калі так і не атрымліваецца даехаць дадому...