Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Позірк у гісторыю». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
11 лістапада 2019
«Звычайныя гісторыі. Позірк у гісторыю». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Бываюць дні, калі неяк нязмушана і з задавальненнем паглыбляешся ў гісторыю – сваёй краіны, таго горада, мястэчка, вёскі, дзе нарадзіліся-раслі, у гісторыю сям’і, роду і гэтак далей. Адны з настальгіяй узгадваюць мінулае, той жа Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, «чырвоны лісток календара», іншыя ведаюць пра гэтую дату хіба што са школьных падручнікаў. А здараюцца моманты (у мяне таксама яны былі!), калі гісторыя проста абрушваецца на цябе! Менавіта такія пачуцці выклікае наведванне Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь – гэтага найбуйнейшага сховішча дакументаў па гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Тут захоўваецца больш чым мільён спраў (1043778), аб’яднаных у 1319 фондаў! Амаль што 30 гадоў на пасадзе дырэктара Нацыянальнага архіва працаваў гісторык і архівіст Вячаслаў Дзмітрыевіч Селяменеў. І цяпер не развітваецца з любімай справай. Аўтар і сааўтар многіх кніг па невядомай гісторыі Беларусі. Ён, калі можна так сказаць, амаль што «на ты з гісторыяй», але ж наўрад ці здолеў зразумець усе яе таямніцы?! Сустрэчы... І за кожнай – свая гісторыя!.. Пра такіх, як Аляксандр Пятровіч Анціпенка, кажуць: «Чалавек з той эпохі – савецкай!» Сваю біяграфію ўмясціў усяго ў некалькі радкоў. Адной з самых яркіх яе старонак лічыць гады працы ў саўгасе «Ракаўскі» Валожынскага раёна. Пачатак 60-х гадоў, тады яму было ўсяго 28!.. Затым працаваў першым сакратаром Бярэзінскага райкама партыі, сакратаром Мінскага абкама, начальнікам сакратарыята Вярхоўнага Савета БССР. Жыць і працаваць для людзей, радзімы – вось яго простае чалавечае шчасце. З настальгіяй успамінаў эпоху былога Савецкага Саюза. Многае тады, на яго думку, было правільным і дасканалым. Людзі «не гналіся за грашыма», таму і адносіны былі больш шчырымі і справядлівымі. Ён не здрадзіў і ніколі не здрадзіць сваім ідэалам. І будзе любіць тую эпоху, калі, як ён падкрэсліваў, быў закладзены «грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак» сучаснай суверэннай Беларусі. Звернемся і да жыццёвай гісторыі, пра якую ў сваім лісце расказала Вольга Іванаўна з Мінска. «Да 1939-га года мы жылі ў Заходняй Беларусі. У Атолчыцах, за 20 кіламетраў ад Пінска. У майго дзядулі былі чатыры сыны, мой тата – старэйшы. Не ведаю, хто параіў і як так здарылася, але паехаў дзядуля ў Амерыку шукаць лепшай долі. Вярнуўся, пабудаваў дом, купіў невялікі кавалак зямлі і... зноў паехаў. Каля 10 гадоў правёў на чужыне...» І далей Вольга Іванаўна распавядае пра гісторыю сям’і, любоў і адданасць яе родных і блізкіх да зямлі, і тое, як у 1948 годзе яе продкі ўступалі ў калгас. «Часам у думках вяртаюся ў мінулае. Лепшымі для мяне былі 70-80-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя: тады я скончыла палітэхнікум, працавала, вырасла да інжынера, – зазначае Вольга Іванаўна, – а дзень 7 лістапада лічу сапраўдным святам і заўсёды адзначаю. Ці ж можна перапісваць гісторыю?..» «Як распавядала некалі мая бабуля Сынклеція Дзянісава, – а гэта ўжо радкі з ліста ад Аляксандры Сцяпанаўны Бараноўскай з Мазыра, – мая родная вёсачка Некрашоўка сваю назву атрымала ад прозвішча пана Некрашэвіча, які ў даўнія часы выбраў гэты прыгожы куточак для сваёй сядзібы. Пан пакінуў пасля сябе прыгожы сад, на пагорку, па-над рэчкай. Вёску ў вайну фашысты спалілі, а сад застаўся... На вялікі жаль, маю Некрашоўку знішчыў Чарнобыль. Вёсачка жыве са мной ва ўспамінах і снах». Колькі такіх гісторый (пра вёскі, мястэчкі, гарады і паселішчы) назбіраў нястомны вандроўнік з Мінска Станіслаў Міхайлавіч Абара! Кожнае лета ён выпраўляецца ў дарогу. «Мяне вельмі ўразіла сустрэча ў вёсцы Валынцы (цяпер гэта аграгарадок на Віцебшчыне) з Надзеяй і Валерыем Сасноўскімі. Надзея – супрацоўніца музея, экспанаты і матэрыялы якога прысвечаны нашаму земляку, выдатнаму геолагу і географу, даследчыку Сібіры Івану Чэрскаму!.. – дзеліцца з намі Станіслаў Міхайлавіч. – Столькі ўсяго пачуў я пра гэтую выдатную асобу нашай мінуўшчыны! Іван Чэрскі адкрыў нямала геаграфічных аб’ектаў. Склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал (кажуць, што лепшай пакуль не зрабілі!). Ён праводзіў даследаванні ў Саянах, Прыбайкаллі, басейне Ангары і Ніжняй Тунгускі». Што тут скажаш?! Шчырае замілаванне людзьмі, нашымі землякамі, прозвішчы якіх сталі знакавымі для гісторыі. І такіх лістоў-успамінаў у нашай пошце нямала. «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў», – прыгадваюцца словы пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Да новай сустрэчы!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: