Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра самы памятны дзень года...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
20 снежня 2019
«Звычайныя гісторыі. Пра самы памятны дзень года...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Ужо зусім блізка навагодняе свята і развітанне з 2019-м годам; напэўна, кожны з нас у такую пару задумваецца, якім ён быў, што прынёс, чым парадаваў ці засмуціў. А былі ж і асобныя дні, якія запомніліся! І я вырашыла распытаць нашых даўніх і добрых сяброў, прыхільнікаў Беларускага радыё, каб разам вылучыць з чарады дзён іх самы памятны і адметны. Скажу вам шчыра, гэта было няпроста! Затое цікава. Чамусьці адразу захацелася зрабіць «рэверанс» у бок снежня, пакуль ён нас не пакінуў! «У далёкім мінулым яго называлі просінец, а ў вусным маўленні вяскоўцаў даводзілася чуць і такія назвы – поснік, хмурань, ветразвон, ветразім, стужайла і г.д.» – сцвярджае вядомы навуковец і педагог, аўтар папулярнага выдання пра беларускія месяцы Уладзімір Іванавіч Куліковіч. Ну, а самымі адметнымі днямі лічыць тыя, калі ён у дарозе, вандруе, пазнае свет і сябе. Запомніліся і дні сёлетняй стажыроўкі ў Балгарыі, адкрыццё Сафіі, духоўных скарбаў гэтай краіны, і тое, як яны захоўваюцца дзяржавай і яе жыхарамі. А яшчэ любіць дні, калі наведвае бацькоўскую хату, калі ёсць магчымасць паіграць на баяне і паспяваць са сваімі студэнтамі. «Дзень – гэта імгненне жыцця. Але ж часам і праз гады яно застаецца з намі», – лічыць наша слухачка Зузанна Грабоўская са Шчучынскага раёна. Ёй запомнілася зіма 1969 года! У сваім лісце яна расказала пра тое, як працавала настаўніцай у адной аддаленай вёсачцы. Аўтобусы хадзілі рэдка, даводзілася дабірацца калі па дарозе, а калі і нацянькі. Узгадала завіруху і хутар, на якім неспадзявана апынулася, і дзе яе абагрэлі. ...Зорка балета, педагог-харэограф, народная артыстка Беларусі Клара Мікалаеўна Малышава, вядома ж, узгадае зімовы дзень 17-га лютага. Тады інфармацыйныя стужкі абышла навіна: Клара Малышава ўзнагароджана Ордэнам Узыходзячага Сонца – за вялікі ўклад у выхаванне японскіх балерын і танцоўшчыкаў, за садзейнічанне і ўмацаванне культурных сувязей паміж Беларуссю і Японіяй. Зазначым, гэта найстарэйшы і рэдкі ордэн далёкаўсходняй краіны! У такую пераднавагоднюю пару з захапленнем чытаю вашыя лісты, дзе вы ўзгадваеце пра сустрэчы Новага года розных гадоў. Часцей за ўсё гэта вандроўкі ў мінулае, з цяплом і ўтульнасцю бацькоўскай хаты, мамінымі пірагамі, цацкамі маленства. А часам і незабыўным вобразам яблыневага саду! І тут неяк міжволі ўзгадваецца сустрэча з вядомым вучоным, доктарам сельскагаспадарчых навук, загадчыкам лабараторыі Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Зояй Аркадзеўнай Казлоўскай. Яблыні (і не толькі) – сфера яе навуковых даследаванняў. Ну, а сярод памятных дзён года яна выбрала цэлы месяц – студзень! За стварэнне гібрыднага фонду яблыні яе лабараторыя ўвайшлі ў топ дзесяці лепшых вынікаў у галіне фундаментальных і прыкладных даследванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2019 год. І менавіта ў студзені нарадзіўся яе ўнучак Эдвард, а ў лютым – Яўхім! Чуеце, якія рэдкія імёны хлопчыкаў сёлета?! Перад гэтым эфірам тэлефаную нашай пастаяннай слухачцы з Мінска Крысціне Доўнар. Здзіўляецца, перабірае дні сыходзячага года. Самым лепшым і дарагім называе дзень нараджэння сваёй матулі – Галіны Станіславаўны Сабірай. Жыве яна ў вёсцы Падароск Ваўкавыскага раёна. Хутка ёй 90! Адчуваю, пра многае ёй хочацца расказаць! Пра тое, як яе матуля працавала даяркай, гадавала іх, траіх дзяцей, усё жыццё завіхалася і на сваім падворку, у агародзе. Робіць гэта і цяпер. Лічыць, што самае галоўнае – трэба рана ўставаць! Яе матуля па-ранейшаму ходзіць у касцёл, ведае малітвы на памяць! А яшчэ ў яе ёсць верны сябрук – сабачка Лісцік. «Яна збірае вакол сябе ўсё добрае, можа таму і Сабірай?» – кажа Крысціна. А які б дзень адыходзячага года выбрала я?.. Снежаньскі! Гэта было зусім нядаўна, калі з’явілася навіна, што старажытны абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА! У гэтым і прызнанне маёй краіны ў свеце, і гонар за маіх землякоў-палешукоў. Абрад здзяйсняецца дзеля таго, каб зямля радавала людзей ураджаем, дабрабытам і ладам у кожнай сям’і, і каб усе былі здаровыя і шчаслівыя! Так і хочацца пажадаць, каб гэты карагод сваім «магічным ходам» абвіў усю навагоднюю планету дабром, спакоем і мірам.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: