
Памятаю, як раней, якраз у такія пераднавагоднія дні, з асаблівым натхненнем рыхтавалася да перадачы пад назвай «Мы зноў на шчаслівай мяжы». І амаль кожны раз мае суразмоўцы распавядалі не столькі пра само навагодняе свята, як пра яго прадчуванне. А яшчэ дзяліліся сваімі марамі, памкненнямі, спадзяваннямі. Хтосьці прамаўляў услых, іншыя толькі ўсміхаліся, маўляў, гэта маё, асабістае.
Ну, а сёння зноў хочацца сабрацца разам! І, як люблю казаць, на «чароўным вазочку» праехаць па знаёмых адрасах.
«Некалі мы жылі ў вёсцы Добры Бор Баранавіцкага раёна, – піша Марыя Венедыктаўна Карповіч з Баранавічаў. – Нашы бацькі былі добрымі, чулымі і гасціннымі людзьмі. Тата шмат чытаў. Штовечар расказваў нам казкі. Разам мы ўпрыгожвалі навагоднюю ялінку, многае рабілі сваімі рукамі – цацкі, ланцужкі. Вельмі хочацца, каб людзі верылі ў казку, былі дабрэйшымі, каб шанавалі традыцыі сваёй сям’і і роду», – дадае аўтар.
Ці, скажам, мястэчка Войстам Смаргонскага раёна. Там жыве наш добры знаёмы Мар’ян Антонавіч Дзевяцень, ці, як ён сам сябе называе, дзед Мар’ян. Хутка яму 85. «Пытаецеся, якая ў мяне мара?.. Каб хваробы не дакучалі і каб яшчэ пажыць... Ды каб напісаць колькі радочкаў – тады ў мяне на сэрцы заўсёды свята».
«Я вельмі хачу давесці да дзяцей, з якімі працую, што ў жыцці самае галоўнае – прыгажосць і каханне, а не матэрыяльныя выгоды, – дзеліцца з намі педагог гімназіі «Логас» горада Вілейкі, кіраўнік выяўленчай студыі «Вясёлка», мастак Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак. – Кожны ранак прымаю як новае нараджэнне. Не люблю спяшацца, некуды ляцець. Люблю бываць у сябе на радзіме, каб пастаяць ля касцёла, з землякамі паразмаўляць».
У многіх вашых лістах – радкі пра навагоднюю мару. Нават пра тую ж жменьку цукерачак-падушачак: у першыя пасляваенныя гады і пазней гэта быў сапраўдны салодкі цуд. Пра вучобу і жаданне набыць прафесію, адчуваць сябе запатрабаваным. І амаль у кожным – каб не хварэлі блізкія і родныя людзі. А яшчэ пра тое, каб абавязкова знайсці сваё каханне. Такія простыя і шчырыя жаданні.
«Успамінаю і я сваю навагоднюю ёлку. Гэта было даўно, з 1955 на 1956 год, – радкі з ліста ад Ніны Сцяпанаўны Лазарэнка з Чэрыкава. – Колькі было радасці! На свята збіраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з ўсёй акругі. Вадзілі карагоды, спявалі песні, па чарзе расказвалі Дзеду Марозу вершыкі, стоячы на табурэціку. Я шмат ведала на памяць, таму кішэнька ў мяне была поўная цукерак ад Дзеда Мароза! А самая вялікая радасць – частаваць імі сваю бабулю».
Аднойчы са мной падзялілася сваімі думкамі адна жанчына. Расказала пра тое, што з маладосці з ёй жыла мара вывучыцца, сустрэць добрага чалавека, выйсці замуж, нарадзіць дзяцей, пабудаваць кватэру і г.д. Цяпер усё гэта ў яе ёсць. І што ж, як жа цяпер з «наступнай марай»?.. Дзе яе знайсці і што цяпер шукаць?!. Мне падалося, што гэта хітрыкі: чалавек не можа жыць без мары. Заўсёды знойдзецца нешта такое, да чаго ён будзе імкнуцца, штосьці спазнаваць, адкрываць новае – у прафесіі, падарожжах па свеце, у прачытаных кнігах, у тым, каб змястоўна і з карысцю пражываць кожны дзень і рабіць хаця б невялічкі крок да свайго ўдасканалення. Гэта ўзвышае чалавека, дадае настрою, пазітыву, стымулу ў адоленні новых жыццёвых вышынь.
Калі б, скажам, у такія пераднавагоднія дні той жа «чароўны вазочак» прыпыніўся каля нашага радыйнага дома? Што б я сказала, пажадала слухачам? Няхай Новы, 2020 год, пастукаецца ў вашыя дамы (і ў вашыя сэрцы) дабром, здароўем, каханнем і шчасцем! Няхай спраўджваюцца ўсе вашыя надзеі і спадзяванні! І не пераставайце марыць, колькі б гадоў ні мінула з той далёкай дзіцячай пары!