Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. У памяці – свае сцяжынкі...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
1 лістапада 2019
«Звычайныя гісторыі. У памяці – свае сцяжынкі...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Пачатак лістапада, Восеньскія Дзяды – і памяць вядзе да вытокаў роду, да ўспамінаў пра самае дарагое і кранальнае, тое, што некалі было і ўжо не вернецца. Можа, таму як ніколі хочацца ўчапіцца за тыя жыццёвыя нітачкі-пуцявінкі, перабраць усё тое, што пакінулі пасля сябе нашы бацькі-дзяды-прадзеды, і шанаваць гэта ўсё, як самую вялікую зямную каштоўнасць. Дзяды – дзень ушанавання памерлых, адно з самых старажытных беларускіх свят, карані якога бяруць пачатак у глыбіні стагоддзяў, з язычніцкіх часоў. Дарэчы, яны адзначаюцца некалькі разоў на год, але ж галоўнымі лічацца Восеньскія альбо Змітраўскія. Як сцвярджаюць навукоўцы, у найбольш архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася ў беларусаў. Як тут не ўзгадаць (хаця б коратка) пра асноўныя традыцыі гэтага свята: пра душы памерлых продкаў і рытуальныя «дыялогі» з імі, пра абрадавыя стравы на дзядоўскім стале. А гэта куцця і канун, сыта, а яшчэ верашчака, крупнік, клёцкі (на Віцебшчыне – яшчэ і «з душамі»), бліны ды іншае. І памяць абудзіць пару маленства, вобразы родных людзей, і кожны прыгадае нешта сваё!.. Мяне моцна ўразіла гісторыя ад Зоі Пятроўны Янучок з Клецка, якую ёй расказала маці. Падчас вайны сям’я жыла ў Кобрынскім раёне, непадалёку ад шашы. Па ёй і ўдзень, і ўначы ішла варожая тэхніка, нацысты рваліся да Масквы. Людзі вырашылі адгарадзіцца ад гэтай навалы. Зрабілі і паставілі за ваколіцай крыж, накрылі яго ручніком, які выткалі за ноч! Да ўсходу сонца, з абразамі і малітвамі, абышлі вёску, «спавілі» яе. І за ўсю вайну ніхто не пацярпеў. Загінулі толькі тыя, хто быў на фронце. Вось якая сіла абярэга!.. «У наш час прасці-ткаць не ўмеем, што ж мы можам прыдумаць, калі раптам якая бяда? – пытаецца ў сябе і ў нас аўтар ліста. – Пэўна трэба часцей звяртацца да мудрасці нашых продкаў, шанаваць і захоўваць бацькоўскія традыцыі». «Не ведаю чаму, але ж не памятаю, каб у нас адзначаліся Дзяды. Магчыма, час быў такі. Камсамолу, атэізму... – прыгадваю радкі з ліста ад Святланы Прышчэпы з Бераставіцкага раёна. – Да веры, царквы прыйшла пазней. Але ж гэта і не так важна, галоўнае, каб у цябе ў душы жылі спагада, любоў да людзей, і каб вера не выстаўлялася напаказ. У лістападаўскія дні люблю пабыць адна, у цішыні, успомніць пра сваіх родных, памаліцца... Пакуль жыве памяць, датуль жывуць і людзі». «...Піша вам пастаянная слухачка з Мінска Гелена Альбінаўна Грынько. Нарадзілася я ў вёсцы Васіліны Пастаўскага раёна...» І далей Галіна Альбінаўна пачынае распавядаць пра той любы і дарагі сэрцу куточак, пра яго людзей, пра тое, якой стала яе родная вёска цяпер. Пра тамтэйшыя святы і традыцыі. Раней я часта атрымлівала ад яе лісты, і кожны (падкрэсліваю – кожны!) пачынаўся своеасаблівай споведдзю перад вёсачкай з цудоўнай назвай Васіліны! Нібыта малітва!.. Глыбока і шчыра вёсачка жыве з ёю ў думках, і гэта ўжо на нейкім генетычным узроўні. Памяць ажывае, вяртае ў маладосць, як толькі пачынаеш гартаць старонкі сямейнага альбома. Гэта, як кажуць, не ў «трэндзе», хаця некаторыя маладыя людзі, ведаю, шкадуюць, што цяпер іншыя «носьбіты памяці». Глядзіш на здымак, дзе Ён і Яна, і вось ужо ўсплывае шчымлівая гісторыя кахання... Я вельмі ўдзячная вам за гэтыя споведзі. Пра кожную можна распавядаць з захапленнем. А ў канцы вы пішаце прыкладна так: «Я ужо даўно бабуля. У мяне ўнукі. Але заўсёды памятаю пра Яго. Бываюць дні, калі моцна-моцна зашчыміць сэрца, забаліць душа… Мне здаецца, у такія хвіліны ён таксама думае пра мяне. І мы разам – хоць і на адлегласці...» ...У памяці – свае сцяжынкі. Далёкія і блізкія. Радасныя і балючыя. Прыемныя і пакутлівыя. Таямнічыя і звонкія. Нітачка да нітачкі – нібыта вытканыя ўзоры на палатне жыцця. Прыгадайце і вы! Калі будзе патрэба – падзяліцеся і з намі! І да сустрэчы!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: