Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. За радком пісьма – свая гісторыя...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
4 Кастрычніка 2019
«Звычайныя гісторыі. За радком пісьма – свая гісторыя...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё) Ва ўсе часы на адрас Беларускага радыё нашы слухачы дасылалі і дасылаюць пісьмы. У звычайных канвертах, а цяпер і па электроннай пошце. Вось ужо каторы год вы, паважаныя радыёслухачы, дзеліцеся і сваімі жыццёвымі гісторыямі. Звычайнымі і незвычайнымі... “За плячыма гады, сустрэчы і расстанні, і столькі нявыказанага: радаснага і не вельмі, таго, што ўзрушае памяць, набліжае да цябе падзеі з мінулага… Вось мы і пішам на радыё, бо давяраем”, – заўважае ў сваім лісце Мікалай Бунцэвіч з Мінска. “Зноў пішу вам ліст… Гэтая гісторыя адбылася не са мной, а з маёй блізкай сяброўкай. Але ж гэта датычыць і мяне, і ўсіх нас. Я таксама вельмі вінавата перад сваёй матуляй, якой ужо даўно няма на гэтым свеце... Клапаціцца пра сваіх бацькоў трэба пры іх жыцці”, – радкі з ліста ад Кацярыны Фярковіч з вёскі Пузавічы Браслаўскага раёна. Жанчына піша менавіта на радыё! Чаму? Можа, таму, што на радыёхвалі “сустракаюцца” розныя думкі, меркаванні, таму і высновы зрабіць лягчэй? Вельмі кранаюць вашы ўспаміны пра мінулае, пра блізкіх і дарагіх вам людзей. Здавалася б, колькі сціплых радочкаў, а цэлая гісторыя! Як і вось гэтая: пра шыпшыну, Стэпу і Ніну, пра вясковых дзяўчат, якія ў 60-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя паехалі на заробкі ў Саратаўскую вобласць. Там пабраліся шлюбам, прыжыліся, а калі ў чарговы раз прыехалі ў госці да бацькоў са сваімі сем’ямі, пасадзілі куст шыпшыны. Ішоў час, многае мянялася, на месцы сядзібы выраслі новыя дамы… Здавалася, пра шыпшыну забыліся. Затое яна нагадала пра сябе – расцвіла ва ўсю моц вясной! І гэта не легенда. Так некалі было. Гэтай шчымлівай гісторыяй з намі падзялілася наша слухачка Алена Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. Чытаеш такія гісторыі і паўстаюць вобразы людзей і тых мясцін, дзе яны “нарадзіліся-раслі”. “Расказаць мне хочацца аб маёй радзіме – вёсцы Вымна Віцебскага раёна”, – радкі з ліста ад Святланы Аліхвер. Цяпер яна жыве ў вёсцы Ляхаўшчына Пастаўскага раёна. Святлана даслала грунтоўнае даследаванне пра гісторыю сваёй вёскі – з першага ўпамінання пра яе – а гэта 1539 год! Пра архіўныя пісьмовыя дакументы, пра Селютовічаў і Хадасевічаў і пра тое, як у 1735 годзе фальварак “Тадулін двор” быў выкуплены Тадэўшам Агінскім, дзедам славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага!.. ...Звычайныя гісторыі! Маленькія людскія споведзі... Кранаюць гісторыі пра першае каханне, пра тое, як ён і яна сустрэліся, пазнаёміліся, як бераглі сваё каханне ўсё жыццё. Але ж нямала і такіх, калі жыццёвыя абставіны, часам зусім банальныя, разлучалі каханых назаўсёды. “...Упершыню ўбачыла яго ўлетку на лузе, дзе дапамагала сваёй цётцы пасвіць авечак”, – радкі з ліста ад Валянціны з Віцебскай вобласці. Школа, каханне. Ён – у армію, яна – вучыцца паехала... Перапіска… Калі атрымлівала ад яго чарговае пісьмо, дзяўчына лятала, нібыта на крылах! І вось аднойчы, вяртаючыся з заняткаў, яна ўбачыла ад яго тэлеграму: “Дэмабілізаваўся. Сустракай!” Радасць і… разгубленасць: тэлеграму прынеслі са спазненнем... І гэтае “спазненне”, як аказалася, усё і парушыла!.. Яны так і не змаглі знайсці сцяжынку насустрач адно аднаму. Пазней Валянціна даведалася, што ён недаравальна рана пайшоў з жыцця. Гэта была нейкая незразумелая і заблытаная гісторыя, бытавая спрэчка, якая так трагічна скончылася... Пісьмы... Гэты сродак зносін паміж людзьмі бярэ свае карані яшчэ ў далёкай першабытнай культуры! Цяпер, калі на дварэ XXI стагоддзе, век інфармацыйных тэхналогій, не прынята, нямодна пісаць пісьмы. Шкада, што існуюць такія думкі. А што, калі ўсё ж паспрабаваць?! Напішыце хоць колькі радкоў – маме, бабулі, сябру, сяброўцы, маленькай унучцы, якая толькі вучыцца пісаць. Уяўляеце, колькі цеплыні і радасці можна падарыць любімым людзям, сагрэць іх вось такой асенняй парой. Пішыце і нам, на радыё. Па-ранейшаму чакаю вашых караценькіх гісторый, незвычайных выпадкаў, успамінаў пра памятныя сустрэчы, паводле якіх мы з вамі будзем абмяркоўваць розныя жыццёвыя сітуацыі, абменьвацца думкамі, дзяліцца сваім асабістым, разам шукаць адказы на пытанні, як варта жыць і дзеля чаго. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, вуліца Чырвоная, 4. Дом радыё. Праграма “Звычайныя гісторыі” з Валянцінай Стэльмах. І да сустрэчы!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: