Сцэна Белдзяржфілармоніі памятае многіх знакамітых дзеячаў мастацтва. Захоўваюць тут гэтую памяць і па-за канцэртнымі заламі. Так, ва ўстанове ўжо 20 гадоў дзейнічае музей, прысвечаны знакавай постаці беларускай культуры. Пабачыць экспанаты, прадстаўленыя тут, прыязджаюць людзі з розных куткоў як нашай краіны, так і свету. Іх усіх аб’ядноўвае цёплы ўспамін аб сваёй маладосці, жыцці ў Беларусі, якое прайшло пад гукі музыкі знакамітых «Песняроў». 12 студзеня споўнілася б 84 гады кіраўніку гэтага вакальна-інструментальнага ансамбля, Уладзіміру Мулявіну.
У праекце «Галоўны экспанат» пазнаёмімся бліжэй з экспанатамі, якія раскажуць пра знакавыя старонкі творчага жыцця Уладзіміра Мулявіна. У гэтым падарожжы ў часе нас будзе суправаджаць загадчыца музея Вольга Касцюковіч. У музеі багата экспанатаў, якія здольны як проста выклікаць настальгію, так і моцна здзівіць.