Першыя выхадныя верасня па-традыцыі аб’ядналі беларусаў ідэяй нацыянальнай гісторыі, культуры і роднага слова. Дзень беларускага пісьменства, запачаткаваны яшчэ ў 1994-м годзе на радзіме Францыска Скарыны ў Полацку, праводзіўся ўжо ў трыццаты раз. Гэтая юбілейная лічба зноў вярнулася на Віцебшчыну, у старажытны Гарадок. Менавіта ён прымаў сёлета ўдзельнікаў і гасцей свята беларускага слова, беларускай кнігі, беларускіх часопісаў і газет. Невыпадкова яно ладзіцца на пачатку новага навучальнага года. Адукацыю, інфармацыю і культуру лічаць тымі трыма складнікамі, што фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. У гэты дзень мы аддаём павагу продкам, якія па сутнасці стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.
Сталіцамі свята на працягу мінулых 30-ці гадоў былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Заслаўе, Мсціслаў, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Глыбокае, Слонім, Быхаў ды іншыя беларускія гарады, якія можна было знайсці на спецыяльна створанай карце ў Гарадку. І, разглядаючы якую, яшчэ раз пераканацца, наколькі багатая наша краіна сваёй старажытнасцю і кніжнасцю.
Пасля сёлетняга свята ў Гарадку застаўся абноўлены Вераніцынскі сквер, які названы ў гонар аўтара знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе». Дарэчы, назву лакацыі выбралі самі жыхары райцэнтра. Тут устаноўлена скульптура і галоўнага героя – палясоўшчыка Тараса. Гэты бліскучы сатырычна-гумарыстычны твор беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя доўгі час лічыўся ананімным. Выказваліся розныя гіпотэзы, але праўда факта была зафіксавана ў 1973 годзе, дзякуючы рупнасці выключнага даследчыка, доктара філалагічных навук Генадзя Кісялёва. Аўтар паэмы – Канстанцін Вераніцын, ураджэнец Гарадоччыны. На свяце быў арганізаваны фестываль народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», які аб'яднаў усіх таленавітых землякоў аўтара «Тараса на Парнасе». Дарэчы, у раёне распрацаваны турыстычны маршрут «Па вераніцынскіх мясцінах», куды ўваходзяць і валун-помнік у гонар аўтару каля краязнаўчага музея, і помнік Тарасу ў гарадскім скверы і, канечне ж, родныя мясціны самога пісьменніка – вёска Астраўляны Гарадоцкага раёна.
Кожны з гасцей і ўдзельнікаў двух святочных дзён шукаў, як кажуць, свае кропкі адліку ў размаітым на самыя розныя падзеі і ўрачыстасці горадзе. Было што паглядзець, у чым паўдзельнічаць і над чым паразважаць.
Вядома ж, усе чакалі адну з галоўных падзей Дня беларускага пісьменства – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Як адзначыў старшыня журы, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, сёлета ў фінал трапілі 46 кніг з 68-мі. Асабіста мяне вельмі парадавала тое, што лаўрэатам у намінацыі «Паэзія» стала паэтэса Соф'я Шах, аўтар унікальнай кнігі «Дыядэмная споведзь», якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука». Першая не толькі ў нас, але і ва ўсёй славянскай паэзіі санетная дыядэма. Самы складаны жанр, у якім 3375 узаемазвязаных санетаў злучаюцца ў вянок вянкоў вянкоў санетаў. Гэты твор, апроч іншых сваіх вартасцей, яшчэ пацвярджае і багатыя магчымасці беларускай мовы.
Сустрэчы з пісьменнікамі і выдаўцамі, навукова-практычная канферэнцыя «Гарадоцкія чытанні» з удзелам навукоўцаў краіны, фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», рэканструкцыя гістарычных падзей, прысвечаных Году міра і стварэння, тэматычныя выставы у краязнаўчым музеі і гарадскім скверы, самыя розныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Вельмі насычаная праграма дзвюх святочных дзён стварыла асаблівую атмасферу ў Гарадку. Колькі цёплых усмешак, непасрэднасці, раскаванасці адчувалася ў адносінах паміж знаёмымі і незнаёмымі! І так прыемна было назіраць за гэтым нязмушаным духоўным яднаннем людзей і розных пакаленняў, і розных заняткаў. Як покліч продкаў берагчы сваё, крэўнае – і зямлю, і слова паяднаў усіх у згодзе і любові.
Помню, у 2016-м годзе, у Рагачове, падчас такога ж свята была запачаткавана яшчэ адна добрая традыцыя – пакідаць гораду ў падарунак кнігу. І я з вялікім задавальненнем падаравала сёлета чытачам Гарадоцкай раённнай бібліятэкі сваю кнігу з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», прысвечаную класіку беларускай літаратуры пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, якога таксама нарадзіла віцебская зямля – старажытная Орша.