Падзяліцца:
«Роздум. Агмень высокай духоўнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.12.2022
«Роздум. Агмень высокай духоўнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Наколькі важна адзначаць літаратурныя юбілеі, наколькі ўплываюць яны на сённяшнюю рэчаіснасць, – разважаючы на гэтую тэму, хачу спыніцца на знакавых для сёлетняга года падзеях.

Нашы славутыя класікі Янка Купала і Якуб Колас, «цікавыя хлопцы», як назваў іх пралетарскі пісьменнік Максім Горкі, які першы пераклаў на рускую мову верш Купалы «А хто там ідзе», увялі свой народ у сусветны кантэкст, паказалі і сваім землякам шлях да самаспазнання, гонару за ўласных продкаў, бо, зноў цытуючы класіка, «завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю». І сёння іх творы і палымяныя радкі таксама актуальныя, бо і ў цяперашні час важна ўсведамляць, што мы маем, чым павінны ганарыцца, чым ёсць наша краіна, што займае «свой пачэсны пасад між народамі».

Мы шмат гаварылі ў нашых праграмах пра 140-годдзе славутых нашых класікаў, гучалі іх творы, дзяліліся сваімі думкамі аматары іх творчасці, навукоўцы, музейшчыкі, літаратары.

І многія нашы слухачы змаглі глыбей пазнаёміцца з унікальнай нацыянальнай спадчынай, з вялікай прыгажосцю і сілай роднага беларускага слова.

І яшчэ адзін юбілей, які прыпаў на апошнія дні адыходзячага года.

20 снежня 1922 года выйшаў першы нумар штомесячнага літаратурнага часопіса «Полымя». Вось хто ўвайшоў у першую рэдкалегію: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля Міхась Зарэцкі, Цішка Гартны – практычна ці не самыя выбітныя беларускія творцы.

У 1926 годзе, да пяцігадовага юбілею часопіса «Полымя» Якуб Колас напісаў верш-віншаванне, у якім прыпадабняў гэта беларускі літаратурны часопіс агменю, убачанаму на дарозе праз цемру:

«І раптам — блісь агонь здалёк!

З душы апаў страхоцця мрок,

І зніклі чары чорнай здрады

І шэпты воражай нарады:

Мне песню сонечнай прынады

Спявае ў цьме той аганёк!»

За ўсю сваю стогадовую гісторыю часопіс быў тым жыватворным агеньчыкам своеасаблівам люстрам дасягненняў айчыннай літаратуры.

На старонках «Полымя» ўпершыню былі апублікаваныя раманы «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна.

Часопіс адкрываў новыя імёны, яго супрацоўнікі, сярод якіх былі выдатныя нашы пісьменнікі, беражліва спялілі таленты, давалі дарогу ўсяму лепшаму і цікаваму ў айчынным літаратурным працэсе.

Гэтыя функцыі выконвае часопіс і сёння. «Полымя» адлюстроўвае шырокую панараму сучаснага літаратурнага жыцця, працягвае лепшыя традыцыі папярэднікаў.

Па-ранейшаму яго старонкі даюць дарогу лепшаму, што створана айчыннымі пісьменнікамі, праз пераклады знаёміць з творамі сусветнай літаратуры, праз літаратуразнаўчыя працы ацэньвае мінулае і сённяшні дзень сучаснага прыгожага пісьменства.

Таму і гэты юбілей, на мой погляд, павінен годна стаяць у шэрагу важнейшых дат сёлетняга года.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: