Першы Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум прайшоў на гэтым тыдні ў Мінску. Прадстаўніцы ўлады і бізнеса правялі дзелавыя перамовы, наведалі нашы прадпрыемствы, абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва на шасці тэматычных секцыях.
Так, жанчыны абмеркавалі пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана ў галіне прамысловасці, асобна разгледзелі ўзаемадзеянне ў сферы лёгкай прамысловасці. Абмеркавалі умацаванне партнёрства ў сферы АПК. Асобная секцыя была прысвечана медыцыне і фармацэўтыцы як перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва. Разгледзелі рэалізацыю партнёрства ў галінах навукі і адукацыі, і на секцыі – «Культура і турызм – патэнцыял узаемных кантактаў».
Нацыянальная бібліятэка стала пляцоўкай для плянарнага пасяджэння бізнес-форуму. Менавіта там падпісана 14 мемарандумаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве, у тым ліку пагадненне аб стварэнні сумеснай гарбарна-абутковай вытворчасці, заключана 15 кантрактаў на 93,5 мільёны рублёў.
З Беларуска-узбекскага жаночага бізнес-форуму, дзе ў Нацыянальнай бібліятэцы была разгорнута выязная студыя Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, журналіст Надзея Лысенка прапануе вашай увазе абагульняючы матэрыял з шэрагам інтэрв'ю з удзельніцамі як з боку Беларусі, так і Узбекістана.
А на YouTube-канале Беларускага радыё ёсць відэаверсіі дыялогаў.
Першая госця – старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Таццяна Рунец: «Жанчыне сёння ўсё пад сілу! Мы ўжо і ў космас лятаем, і заключаем дамовы ў сферы цяжкай прамысловасці. Удзельніцы Першага беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму правялі дзелавыя сустрэчы на БелАЗе і МАЗе…»
Саветнік дырэктара Агенцтва па развіцці фармацэўтычнай галіны пры Міністэрстве інвестыцый прамысловасці і гандлю Рэспублікі Узбекістан Хілола Ганіева: «Беларусь уваходзіць у лік лідзіруючых краін СНД у галіне фармацэўтыкі. Узбекістан ужо супрацоўнічае з Беларуссю і гатовы развіваць узаемавыгадныя сувязі...»
Кіраўнік Клуба жанчын-прадпрымальнікаў пры Сенаце Олій Мажліса Рэспублікі Узбекістан Мамлакат Садыкава: «У аграпрамысловай сферы мы зацікавіліся вашай бульбай. Жадаем пераняць досвед вырошчвання гэтай культуры. Таксама для нас цікавае супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферах лёгкай прамысловасці, фармацэўтыкі, турызму…»
Дырэктар ТАА «АртХаўзСадош» (Узбекістан) Садакат Мерзаева: «Культурай, традыцыямі, характарам мы падобныя адзін на аднаго. Здзіўлена вашым захаваным рамесніцтвам, нам ёсць чаму павучыцца…»
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Тамара Шатлікава: «Я ўжо была ва Узбекістане. Ён зрабіў на мяне незгладжальнае ўражанне. І тады мне зусім звычайная жанчына сказала, што ўзбекі з беларусамі вельмі падобныя. Я ўсміхнулася і падумала: мы ж такія розныя. Але падчас зносін я зразумела, што так яно і ёсць. І нават учора наш Прэзідэнт сказаў, што народы дзвюх краін падобныя. У нас агульнае мінулае, мы разам будуем сучаснасць і, вядома, мы спадзяемся на агульную будучыню…»
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ірына Сачкоўская: «Наша нацыянальная спадчына выклікала непадробную цікавасць у прадстаўніц Узбекістана. Ужо ў час работы секцыі былі выказаны прапановы аб наладжванні супрацоўніцтва ў сферы народных промыслаў. Шмат гаварылі пра турызм...»
Кіраўнік швейнай трыкатажнай фабрыкі «Азаліум» (Узбекістан) Азіза Юсупава: «У сферы трыкатажнай прамысловасці мы не канкурэнты, а хутчэй партнёры. Наша сыравінная база – гэта бавоўна. Мы моцныя ў гэтым. У вас добра перапрацоўваюць лён і воўну. У гэтых накірунках мы можам кааперыравацца...»
Арганізаваў Першы беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум Савет Рэспублікі. Па яго запрашэнні нашу краіну наведала і парламенцкая дэлегацыя Узбекістана. Як адзначыла старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава, «беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум стаў эфектыўнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння. Ёсць узбекская мудрасць, якая абвяшчае: пасадзіўшы аднойчы тутоўнік, атрымліваешь плады сто гадоў». Наталля Качанава пажадала, каб парастак ўзаемадзеяння, пасаджаны на Першым Беларуска-узбекскім жаночым бізнес-форуме, з кожным годам умацоўваўся і ператвараўся ў магутнае дрэва са шматлікімі галінамі – напрамкамі супрацоўніцтва ў імя працвітання нашых краін...