Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Мне заўсёды чагось не стае…» Радыёблог Валянціны Стэльмах»
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.01.2020
«Звычайныя гісторыі. «Мне заўсёды чагось не стае…» Радыёблог Валянціны Стэльмах»

Гэты вершаваны радок нашага вядомага пісьменніка і філолага Алега Лойкі ўзгадваю чамусьці заўсёды, калі бачу няўрымслівых людзей ці калі чытаю лісты ад такіх жа нераўнадушных аўтараў.

Шмат звычайных і незвычайных гісторый у свой час мы атрымалі ад Алены Іванаўны Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. За гэтыя гады мы, так бы мовіць, завочна пазнаёміліся, і я нават крышачку ведаю яе жыццёвую гісторыю: школа, вядомае па тым часе Львоўскае вучылішча сувязі (калі скарочана), затым больш за 30 гадоў працы (на розных пасадах) у Драгічынскім раённым вузле сувязі. Выхад на заслужаны адпачынак – гэта яе новыя і не менш яркія жыццёвыя старонкі. «Ну як жа можна сядзець, калі наўкол столькі ўсяго цікавага, – прызнаецца Алена Іванаўна, – то чарговае свята ў нашым Доме культуры, то з вяскоўцамі ідзём прыбірацца – у царкве, на могілках, а то раней з музеем «Бездзежскі фартушок» мела стасункі. Толькі паспявай!.. Цяпер вось даследую дакументы, звязаныя з дзедам і маёй радаслоўнай. А яшчэ люблю чытаць, пераглядаю, як ні дзіўна, атлас Беларусі і розных краін свету. Хацелася б яшчэ шмат чаго пабачыць».

«І ўсё ж, чаго вам не стае?..» – запыталася. – На што Алена Іванаўна адказала: «Мабыць, маладых гадоў».

Сямейную пару Валянціну Аляксееўну і Валерыя Браніслававіча Ранцэвічаў з Мінска ведаю даўно. Якое гэта шчасце ісці па жыцці разам, у адным накірунку!.. З маладосці, з той першай сустрэчы і цяпер, калі ўжо дарослыя дзеці, унукі. Вось у каго можна павучыцца жыць змястоўна і цікава! Яны шмат вандруюць па Беларусі (і не толькі), знаёмяцца з яе цікавымі куточкамі, сядзібамі, музеямі, помнікамі даўніны. Сустраюцца з сябрамі. Валянціна Аляксееўна, матэматык па адукацыі, захапілася мастацтвам: у яе карцінах – краявіды Віцебшчыны (гэта яе малая радзіма), а яшчэ шмат кветак, асабліва бэзу, чаромхі, касачоў. Яна ўдзельнічае ў выставах, творчых вечарынах. Вось ужо на працягу 10 гадоў сямейную пару Ранцэвічаў можна заўважыць на навагодніх балях – у Вялікім тэатры Беларусі, Мірскім замку! «Якое цікавае жыццё, ім, здаецца, ніколі не магчыма наталіцца», – з захапленнем кажа Валянціна Аляксееўна.

Ведаеце, нават па вашых лістах да нас, на радыё, можна адразу заўважыць аптымістаў, людзей няўрымслівых, захопленых жыццём, сваімі справамі і любімымі заняткамі. Гэта адчуваецца.

Заўсёды запамінаюцца светлыя і шчырыя гісторыі ад Галіны Сцяпанаўны Крупянковай з Мінска, Рэгіны Норбертаўны Ластоўскай з Пастаўскага раёна, Ніны Сцяпанаўны Лазарэнка з Чэрыкава, Яніны Браніславаўны Лянкевіч з Івянца, Валянціны Рыгораўны Сачык з Уздзенскага раёна, Веры Васільеўны Рудзянковай з Крычаўскага і многіх іншых нашых слухачоў і аўтараў гісторый.

Вельмі кранаюць радкі ад людзей больш сталага веку, калі яны распавядаюць пра свае захапленні і тое, што ўзрост – не перашкода, галоўнае не здавацца гадам, старацца жыць з дабром да сваіх блізкіх, карысна і пазітыўна.

Вось прыклад. Жыццё і адданасць дабрачыннай справе Віктара Дзям’янавіча Цярэшчанкі, былога франтавіка, жыхара аграгарадка Копці Віцебскага раёна. Яшчэ ў пачатку 90-х па яго ініцыятыве ўзведзены воінскі мемарыял (значыцца за нумарам 4462) на месцы былых баёў на беразе ракі Ласосіна. Тут больш чым 60(!) помнікаў, абеліскаў, знакаў памяці. Яны створаны рукамі ветэрана-франтавіка і яго добраахвотных памочнікаў. Віктару Дзям’янавічу ідзе 94 год, але ж ён па-ранейшаму клапоціцца пра свой мемарыял. Калі дазваляе здароўе, гэты нястомны краявед, захавальнік памяці пра тыя далёкія падзеі, праводзіць экскурсіі, расказвае пра лёсы воінаў: па некаторых звестках, тут знайшлі свой апошні прытулак каля 4 тысяч абаронцаў Айчыны з розных куткоў былога Саюза. Многімі пошукамі асабіста займаўся Віктар Дзям’янавіч.

Згадзіцеся, прыемна бачыць і чуць такіх асоб, мець з імі стасункі. Яны –прыклад для пераймання. Ну, а радкі пісьменніка Алега Лойкі, мне думаецца, таксама настройваюць на радасць жыцця. І няўрымслівасць.

«Мне заўсёды чагось не стае,
Штосьці вабіць, кудысьці цягне –
Знаць, як кожная птушка пяе,
Знаць, як кожная кветка пахне.
Знаць, аб чым стане бор шумець,
Што зашэпча ветразь крылаты,
Сэрца кожнае зразумець,
Кожны клопат кожнае хаты».

Да наступнай сустрэчы!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: