Сярод адметных падзей гэтага дня (канешне ж розных гадоў) чытаю і такія радкі: «20 сакавіка 1942 года партызаны разграмілі паліцэйскі гарнізон у Клічаве і завяршылі вызваленне ўсёй тэрыторыі раёна. Утрымлівалі свае пазіцыі на працягу двух гадоў».
За гэтай лаканічнасцю – баявое жыццё партызан 128, 277, 620 і 725 партызанскіх атрадаў, а таксама 70 тысяч мірных жыхароў Клічаўскай партызанскай зоны. Так было і ва Ушачах, і ў знакамітай Рудабелцы, калі, дзякуючы мужнай барацьбе партызан і падпольшчыкаў, утвараліся астраўкі свабоды і непакорнасці гітлераўскім захопнікам.
Клічаўскі бой... Мы ўзгадалі пра яго якраз у гэты сакавіцкі дзень, калі ён адбыўся, толькі 78 гадоў таму.
І гэтая, і многія іншыя даты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, набываюць асаблівае гучанне менавіта цяпер, калі мы рыхтуемся да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Часам нават знаёмыя прозвішчы герояў мінулай вайны цяпер, праз гады, успрымаюцца па-іншаму. Вось паслухайце!
...Барысаўскі раён Мінскай вобласці. У маі 1942 года сюды з Вялікай зямлі была закінута дыверсійна-партызанская група пад камандаваннем Алены Колесавай. Легендарнае імя. Ёй было ўсяго 22 гады! За «атаманку-дэсантніцу Лёльку» нямецкія ўлады абяцалі 30 тысяч рэйхсмарак! Поруч з такімі ж бясстрашнымі і мужнымі дзяўчатамі яны грамілі паліцэйскія ўчасткі, рабілі засады, знішчалі здраднікаў, нападалі на гарнізоны, узрывалі варожыя эшалоны. У адным з баёў каля вёскі Выдрыца Алена была смяротна паранена. Апошнія яе словы: «Як цяжка паміраць, ведаючы, што так мала зроблена. Пахавайце мяне там, дзе нашы ляжаць. Бывайце...»
Алену Колесаву перапахавалі ў Крупках, у брацкай магіле. Пасмяротна ёй прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Беларусі і на радзіме гераіні ў Яраслаўскай вобласці ёсць помнікі, мемарыяльныя дошкі ў гонар яе памяці. На Яраслаўскім накірунку Маскоўскай чыгункі курсіруе прыгарадны электрапоезд, які носіць яе імя.
Мяне вельмі ўразілі маладосць гэтай бясстрашнай дэсантніцы і яе мужнасць.
Вось што піша Валянціна Цімафееўна Сямёнава з Магілёва.
«Вайна застала нас у вёсцы Гарбавічы Чавускага раёна. Тата пайшоў на фронт. Нас у мамы шасцёра. Старэйшай 14, малодшай не было і года. Фашысты выгналі нас з хаты. Блукалі па лесе, акопах, па нейкіх лазнях. Пазней спалілі наша жытло. І засталіся мы голыя-босыя. Не было ў нас дзяцінства». І далей Валянціна Цімафееўна з горыччу распавядае пра тое, што не вярнуўся з вайны яе тата. Мама жыла спадзяваннямі, але ж не дачакалася. Расказала і пра сваяка, якога сям’я шукала ўсё жыццё. Ён, лётчык, загінуў пад Ржэвам у 1942 годзе.
Ліст з Гродна. Ад Тамары Львоўны Семіглазавай. Вайна забрала яе тату. Мама засталася з імі, дзвюма дзяўчынкамі: адной – два гады, другой – два месяцы. За сувязь з партызанамі яе маму арыштавалі ў кастрычніку 1943 года. Апынулася ў канцлагеры Калдычэва, затым на вуліцы Шырокай у Мінску. «Нас з сястрой адправілі ў дзіцячы дом, там мы і знаходзіліся па жнівень 1944 года. Ледзь выжылі. Ворагі бралі кроў для сваіх салдат... Сустрэліся з мамай пасля вызвалення Баранавічаў» – дадае аўтар.
Дзеці пакутавалі не менш за дарослых. Яны ж і ваявалі, і набліжалі перамогу.
Хачу падзяліцца з вамі проста неверагоднымі фактамі сапраўднага подзвігу малалетніх працаўнікоў тылу. Саша Карпоўнікава пайшла працаваць запраўшчыцай у трактарную брыгаду, калі ёй было ўсяго 12 гадоў! А хутка села за руль і на працягу пяці гадоў арала зямлю ў роднай вёсцы Нова-Аляксееўка (Расія). Нельга без захаплення чытаць і пра Віктара Тошчава, які таксама ў свае няпоўныя 12 разам з дарослымі шчыраваў у полі. У ваенным, 42-м.
І яшчэ. Якраз сёння, 20 сакавіка, па ініцыятыве ААН адзначаецца Дзень Зямлі. Дата выбрана невыпадкова, таму што якраз на гэты час выпадае дзень веснавога раўнадзенства. Мяняецца біялагічны рытм планеты, яна пераходзіць на новы віток свайго развіцця. Адбываецца абуджэнне прыроды, яе абнаўленне. Якраз той час, калі ўсе мы павінны задумацца аб тым, што планета Зямля – наш агульны дом. І што ўсе мы ў адказе за яго мір, спакой і цішыню. І за жыццё, без войнаў і ўзрушэнняў.