
Літаральна праз дзень, 9 снежня, Беларусь будзе адзначаць 125-я ўгодкі народзінаў Максіма Багдановіча. Маладосць і геніяльнасць – вось тыя дзве дамінанты, якія вызначаюць творчы лёс класіка беларускай літаратуры. А жыццё ўнесла сваю трагічную ноту – невылечная хвароба скараціла зямны век Максіма-кніжніка, беларускага Страцім-лебедзя на самым яго ўзлёце. Для ўсіх нас ён назаўсёды застаўся маладым, прыгожым, рамантычным. Часта гучыць справядлівае шкадаванне, калі б Багдановіч пражыў больш - якую б спадчыну мы сёння мелі! Але нават адзіная прыжыццёвая кніга паэта “Вянок” засведчыла нараджэнне непаўторнага мастака беларускага слова.
“Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, - тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету”, - напісаў некалі ў сваім цудоўным эсэ-даследаванні “Загадка Багдановіча” Міхась Стральцоў.
А загадка паэта Максіма Багдановіча яшчэ і ў тым, што будучы класік беларускай літаратуры да крыўднага мала дзён свайго жыцця правёў ва ўлонні роднай зямлі. Але такая акалічнасць жыццёвага лёсу, магчыма, толькі ўзмацніла талент і паспрыяла яго бліскучаму праяўленню. У гісторыі нашай літаратуры цяжка знайсці яшчэ адзін такі лёс, як у Максіма Багдановіча. Нарадзіўшыся ў Мінску, першыя пяць гадоў ён жыў з бацькамі ў Гародні. Пасля жыццёвыя шляхі прывялі сям’ю Багдановічаў у Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль. І ўся біяграфія паэта фактычна будзе стварацца па-за межамі Беларусі, за выключэннем хіба што некалькіх месяцаў... Але яго творчасць наўпростава звязана толькі з мілай Бацькаўшчынай, яе мінулым, сённяшнім і будучым...
Зрэшты, на прыкладзе лёсу Багдановіча можна гаварыць увогуле пра дарогу творцы, якая складваецца дзіўным чынам, насуперак абставінам і перашкодам. Якая аднойчы развітальна павяла з роднага дому, але дапамагла спраўдзіцца вялікаму таленту...
Мінск, Гародня, вёска Ракуцёўшчына на Маладзечаншчыне – помняць Максіма. У Ракуцёўшчыну ён прыехаў летам 1911 года з Вільні, па рэкамендацыі “нашаніўца” Антона Луцкевіча да яго роднага дзядзькі Вацлава Лычкоўскага. У гэтай старасвецкай ваколіцы Максім правёў 2 плённых месяцы свайго жыцця: плённых на ўражанні, прыгажосць і творчасць. Пасля літаратуразнаўцы назавуць гэты перыяд Ракуцёўскім летам паэта.
І ўсё ж так атрымалася, што нарадзіўшыся ў Мінску, Максім Багдановіч вяртаецца ў родны горад фактычна незадоўга да свайго адыходу: восенню 1916 года. Можна зараз уявіць, як роўна стагоддзе таму пад мінскім небам ён працуе, піша вершы, сустракаецца з сябрамі-аднадумцамі: Змітраком Бядулем, Зоськай Верас, Аркадзем Смолічам. Адсюль ў лютым 1917 года цяжка хворы выпраўляецца на лячэнне ў Ялту...
Сёння ў Траецкім прадмесце працуе Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе сабраны фонд унікальных матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта, а ў Рабкораўскім завулку знаходзіцца філіял музея “Беларуская хатка”, у якой, дарэчы, ён жыў амаль паўгода ў свой апошні прыезд. На месцы дома сям’і Багдановічаў, дзе нарадзіўся Максім, усталяваны сучасны мемарыяльны знак, у дворыку былой вуліцы Аляксандраўскай, цяпер – імя Максіма Багдановіча. А насупраць, ля Вялікага тэатра оперы і балета – помнік Паэту, які, здаецца, якраз і глядзіць туды, у бок роднага дома.
Шмат юбілейных імпрэз і сустрэч пройдзе гэтымі снежаньскімі днямі. І, напэўна, самая сакральная з іх – урачыстая цырымонія “Вяртанне”, на якой адбудзецца закладка капсулы з зямлёй з ялцінскай магілы Максіма Багдановіча ў крыпце мінскага Храма-помніка ў гонар Усіх святых…
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, - папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім да зор?
Давайце яшчэ раз услухаемся ў гэтыя Багдановічавы радкі і пастараемся трымацца простага і мудрага запавету класіка.