У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні спектаклей і пастановак, якія запісаны паводле мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Тут можна назваць такія вядомыя імёны ў літаратуры, як Іван Мележ, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Кастусь Губарэвіч, Аркадзь Маўзон, Андрэй Макаёнак, Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Міхась Стральцоў, Аляксей Дудараў ды іншыя. У кожнага з іх – свой мастацкі спосаб адлюстравання тых трагічных падзей ХХ стагоддзя, але адна праўда пра Вялікую Перамогу, якая забрала кожнага трэцяга беларуса… Шмат твораў, народжаных у другой палове ХХ стагоддзя, так ці інакш звязаны з вайной. Нездарма беларускую літаратуру часам называлі ваеннай літаратурай. У гэтым была праўда нашага жыцця.
На працягу Тыдня памяці з 5 па 11 мая ў «Тэатры Беларускага радыё» прагучаць:
5 мая – радыёпастаноўка «Сцяг брыгады» паводле аднайменнай паэмы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова;
6-7 мая – радыёверсія спектакля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача «Маладая гвардыя» паводле рамана пісьменніка Аляксандра Фадзеева;
8 мая – радыёпастаноўка «Вялікае сэрца» паводле аднайменнага апавядання пісьменніка Кузьмы Чорнага;
9-10 мая – радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Радавыя» па аднайменнай п’есе драматурга Аляксея Дударава;
11 мая – радыёспектакль «Альпійская балада» паводле аднайменнай аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
«Тэатр Беларускага радыё» звычайна ў эфіры кожны вечар з 22:05 да 23:00 (і пасля апоўначы – з 2:05 да 3:00).