Фільтр па месяцу і году

Скасаваць

“Юбілейны тыдзень” заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Веры Кавалеравай 11-17.07.2016
12 ліпеня 2016
З 11 па 17 ліпеня 2016 года ў “Тэатры Беларускага радыё” -- “Юбілейны тыдзень” заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Веры Кавалеравай. Больш за 30 гадоў Вера Кавалерава аддана служыць сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, а таксама шмат здымаецца ў кіно. За гэты час ёю сыграна сотня розных роляў як паводле класікі, так і сучасных твораў. У яе рэпертуары шмат цудоўных казачных персанажаў, артыстка вельмі арганічная ў ролях падлеткаў, якія адрозніваюцца шчырасцю перажыванняў, тэмпераментам і ўзрушанасцю пачуццяў. У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей з удзелам Веры Кавалеравай. На працягу “Юбілейнага тыдня” прагучаць: 11 ліпеня – фрагмент радыёспектакля ў васьмі частках “Пачакай, затрымайся…” паводле аўтабіяграфічнай тэтралогіі пісьменніцы Алены Васілевіч. Гэта адна з першых работ Веры Кавалеравай на Беларускім радыё ў жанры радыёспектакля. Рэжысёр Таццяна Аляксеева. У галоўнай ролі Ганькі – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава. Год запісу – 1972-гі. 12-13 ліпеня -- радыёпастаноўка “Нявыдуманыя гісторыі з жыцця пяцікласніка Алеся Пятрашкі” паводле аповесці пісьменніка Аляксея Якімовіча. Рэжысёр Валянціна Кернажыцкая. У галоўнай ролі Алеся – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава. Год запісу – 1986-ы. 13 ліпеня -- інсцэніраваная казка Рыгора Остэра “Незаселены востраў”. У ролі малпы -- заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава. Год запісу – 1995-ы. 15 ліпеня -- радыёкампазіцыя “Міхасёвы прыгоды” паводле аднайменнай паэмы і вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Рэжысёр Галіна Уладамірская. У ролі хлопчыка Міхася – заслужаная артыстка Беларусі Вера Кавалерава. Год запісу 1988-ы. 16-17 ліпеня – радыёспектакль “Адзін лапаць, адзін чунь” паводле аповесці пісьменніка Міхася Стральцова. Рэжысёр Зінаіда Паўлоўская. У галоўнай ролі хлопчыка Іванкі – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вера Кавалерава. Год запісу – 1995-ы. Пачатак трансляцый у 22.05.