Тэлефануе неяк адна мая знаёмая: «А ты ведаеш, хто такі Вася Крайні? Мы вось якраз едзем па вуліцы Слоніма, якая носіць гэтае імя. Дарэчы, тут ёсць што паглядзець і чым захапіцца».
Адразу ж прыгадваецца размова з настаўніцай Слонімскай сярэдняй школы №4 імя П.І.Батава, дзе ёсць музей і свята захоўваецца памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Уявіце сабе, ажно 14 вуліц горада носяць імёны герояў! Сярод іх – знакамітыя камандзіры Павел Батаў і Іса Пліеў, камсамолец Мікалай Мірошнік, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава і многія іншыя.
І вось цяпер я даведалася і пра піянера-героя Васю Крайняга. Зусім юным ён трапіў у партызанскі атрад. На баявыя заданні не бралі, бо не хапала зброі. Тады ён змог недзе раздабыць скрынкі з патронамі і гранатамі, за што яму добра ўляцела ад камісара атрада за самавольнае адлучэнне. Але ж ужо хутка Вася са сваім братам Антонам хадзілі на шасэйку Слонім-Ружаны: парушалі сувязь, прабіраліся ў фашысцкія гарнізоны, прыносілі партызанам каштоўныя звесткі. Аднойчы яны трапілі ў засаду. Моцна параненага Васю гітлераўцы прывезлі ў Слонім, зрабілі перавязку, хацелі ўзяць жывым, каб распытаць пра партызан, іх размяшчэнне. «Жывым не здамся», – мільганула ў яго свядомасці. Яго жыццё хутка абарвалася. У 1944 годзе, незадоўга за вызвалення. Пасмяротна юны піянер-герой узнагароджаны медалём «За адвагу». Здавалася б, адно толькі імя на шыльдачцы слонімскай вуліцы, а якая гісторыя! І так, мне думаецца, у кожным горадзе ці пасёлку.
«Як толькі на Лагойшчыне з’явіліся партызанскія атрады, мая мама, Марыя Андрэеўна Урбановіч, запісалася ў атрад імя Будзённага партызанскай брыгады «Бальшавік», – радкі з ліста Ніны Віктараўны Ліцкевіч са Стоўбцаў. – Я была тады зусім маленькая, але гэта яе не спыніла. Не магла яна адседжвацца, прагнула змагацца з ворагам. Хутка ёй сталі даручаць адказныя заданні. Збірала звесткі пра гітлераўцаў, іх перамяшчэнне. Аднойчы іх затрымаў нямецкі патруль. Пасля праверкі дакументаў яе і яшчэ некалькі чалавек кінулі ў канцлагер «Масюкоўшчына». Маму моцна білі, але яна нікога не выдала. Астатніх адпусцілі, а маю мамачку замучылі, забілі. Пра яе лёс я даведалася пазней, калі падрасла. Расказалі партызаны, якія ў той дзень разам з ёю трапілі ў лапы карнікаў. Вы не паверыце, хоць я была падчас вайны зусім маленькая, але ж сваю мамачку, здаецца, памятаю. Яна заўсёды жыве са мной, у маёй душы. Я ганаруся ёю, яна аддала сваё жыццё за Перамогу. Яе імя, а таксама майго дзядзькі, занесены ў кнігу «Памяць. Лагойскі раён». Свайго тату я часам бачу ў снах, размаўляю з ім. І гэта таксама тыя нябачныя пуцявінкі, якія звязваюць мяне з бацькамі».
Мне здаецца, што менавіта з такіх кранальных успамінаў і складаецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, што павінна застацца ў свядомасці маладога пакалення. Як мы не раз заўважалі, гістарычная памяць – гэта не абстрактныя веды якіх-небудзь падзей, памяць – гэта жыццёвы вопыт, веданне асобных падзей, эмацыянальна перажытых і прачулых.
Маю калегу з Лунінца Брэсцкай вобласці Таццяну Канапацкую ведаюць і як нястомнага краязнаўцу. Яна прымала ўдзел у складанні раённай кнігі «Памяць». Выйшла з друку і серыя ўласных выданняў «Лунінецкая памяць» – гэта яе «радзімазнаўства», даніна памяці продкаў, знак удзячнасці і павагі да землякоў. У свой час Таццяна Васільеўна наладзіла пабрацімскія сувязі з невялікім гарадком Палескам, што ў Калінінградскай вобласці. І цяпер, як яна кажа, «народная дыпламатыя» – бібліятэкары, настаўнікі, пісьменнікі – абменьваюцца дэлегацыямі. Ладзяцца сустрэчы, адбываюцца знаёмствы са славутымі мясцінамі Беларусі, з цікавымі знаходкамі і кнігамі пра вядомых асоб. Герой Савецкага Саюза Сяргей Давыдаў прымаў удзел у вызваленні Палеска, служыў у Беларусі, пахаваны ў Лунінцы: цікавы факт, які, дарэчы, адшукала Таццяна Канапацкая. Вось як пераплятаюцца гарады, людзі і лёсы. І як перадаецца памяць пра тыя, цяпер ужо далёкія, падзеі.
Гістарычная памяць пра вайну фарміруецца і захоўваецца ў свядомасці маладога пакалення не толькі паводле фактаў і хронікі падзей. Тут існуе і самы моцны па эмацыянальнай сіле фактар – гэта памяць пра мінулае, якая жыве ў сям’і, дзе шмат сведчанняў аб мінулай вайне: успаміны родных і блізкіх, занатаваныя ў старэнькіх школьных сшытках, кранальныя трохвугольнікі палявой пошты, ваенныя рэчы і дакументы. Многія сведчанні вайны захоўваюцца не толькі ў музеях, але і ў хатніх архівах.
Мяркую, у вашым таксама ёсць цікавыя дакументы, гартаючы якія, адкрываюцца новыя звычайныя, а то і незвычайныя гісторыі. Калі так – дасылайце іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.