«Хібакуся». Так у Японіі называюць людзей, якія перажылі атамныя бамбардзіроўкі. Нагода прыгадаць гэта здарылася напярэдадні, калі ва ўсім свеце адзначалі спачатку Дзень Хірасімы, а пасля – Дзень Нагасакі. На першы японскі горад бомба ўпала 6-га жніўня, на другі – 9-га. Дарэчы, праз некалькі дзён будзе яшчэ адна сумная дата – 80-годдзе пачатку так званага «Манхэтанскага праекта», сакрэтнай праграмы ЗША па распрацоўцы ядзернай зброі. Амерыка тут была піянерам, але, канечне, у гордым адзіноцтве не засталася. У наш час у «ядзерным клубе» мінімум восем дзяржаў.
У «Манхэтанскім праекце» былі заняты каля 130 тысяч чалавек, у тым ліку 12 нобелеўскіх лаўрэатаў. Як сцвярджаецца, 99% з іх не разумелі дакладна, чым яны займаюцца. У выніку ж – нарадзілі трох страшных «дзяцей» са смешнымі мянушкамі: Штучка, Малы і Таўсцяк. З двума апошнімі і давялося сустрэцца жыхарам Хірасімы і Нагасакі.
Наступствы атамных бамбардзіровак японскіх гарадоў апісаны шмат разоў, і гэта той выпадак, калі не патрэбны выразныя літаратурныя прыёмы: сухія дакументальныя сведчанні (у тым ліку шматлікія фотаздымкі) гавораць самі за сябе. Здаецца, такога проста не можа быць – але тым не менш яно было.
І вось што важна разумець у нашы дні, калі ўсё часцей гучаць разважанні, хто каму пагражае ядзернай зброяй і хто што можа рэальна зрабіць. На сёння адзіны (дай бог, каб і апошні) у гісторыі чалавецтва выпадак баявога прымянення ядзернай зброі ляжыць на сумленні ЗША. Пужаць на словах могуць многія, а рэальна пайшла на такі крок толькі Амерыка.
Што да сумлення амерыканцаў… Як ні дзіўна, але і сёння – амаль праз восем дзесяцігоддзяў пасля тых трагічных падзей – ідуць вострыя спрэчкі, ці правільна тады зрабілі ЗША. Так, ніякага аднадушнага асуджэння бамбардзіровак няма, прычым нават у самой Японіі, што ўвогуле здаецца немагчымым.
Чым апраўдваюць рашэнне Вашынгтона? Тым, што хуткая капітуляцыя Японіі пасля бамбардзіровак быццам бы прадухіліла больш масавыя ахвяры з абодвух бакоў, калі б вайна працягвалася. Прычым я нават сустракаў спасылкі на даследаванні, дзе з халоднай матэматычнай разважлівасцю падлічваюць дзясяткі і сотні тысяч патэнцыйных смерцяў, якія маглі б здарыцца пры розных варыянтах развіцця падзей. Як быццам размова не пра жывых людзей!
Так ці інакш, некалькі гадоў таму ўнук амерыканскага прэзідэнта Трумана заявіў: яго дзед да канца жыцця лічыў верным рашэнне скінуць бомбы на Хірасіму і Нагасакі, і ЗША ніколі не будуць за гэта выбачацца. А філіпінскі суддзя Дэльфін Хараніла, удзельнік Такійскага працэсу, пісаў: «Калі праўда, што мэта апраўдвае сродкі, то выкарыстанне атамнай бомбы было апраўдана, таму што паставіла Японію на калені і завяршыла жудасную вайну. Калі б вайна працягнулася, і атамная бомба не была б скінутая, колькі яшчэ тысяч і тысяч бездапаможных мужчын, жанчын і дзяцей загінула б...»
Больш за тое, паўтару – сярод тых, хто апраўдвае трагедыю Хірасімы і Нагасакі ёсць самі японцы! Ну, калі не апраўдвае, то ставіцца паблажліва. Так, яшчэ ў 1975 годзе імператар Хірахіта падчас першай прэс-канферэнцыі ў адказ на пытанне, што ён думае пра бамбардзіроўку Хірасімы, заўважыў: гэта вельмі сумна, што атамныя бомбы былі скінутыя, і ён спачувае жыхарам Хірасімы, але гэта было непазбежна, таму што ішла вайна. А ў 2007-ым тагачасны міністр абароны Японіі прызнаўся: ён унутрана згодны з тым, што для завяршэння вайны атамная бамбардзіроўка Нагасакі была непазбежная. Праўда, гэтыя словы нарадзілі хвалю грамадскага абурэння ў Японіі, і праз тры дні міністр падаў у адстаўку.
Але не трэба падманваць сябе, паглядзім на факт: ЗША забілі ў Хірасіме і Нагасакі дзясяткі (калі не сотні) тысяч японцаў, пасля «кампенсавалі» знішчэнне насельніцтва вялізнымі ўкладаннямі ў эканоміку Японіі – і сёння Токіа адзін з бліжэйшых саюзнікаў Вашынгтона. Выходзіць, прабачылі забойства сваіх грамадзян? Магчыма, гэта і ёсць знакамітая цынічная Realpolitik…
Аднак, былі не толькі цынікі. У 1945-ым французскі пісьменнік Альбер Камю ў артыкуле, прысвечаным бамбардзіроўцы Хірасімы, напісаў: «Механізаваная цывілізацыя толькі што дасягнула канчатковай стадыі варварства». Розныя вядомыя асобы крытыкавалі амерыканскія бамбардзіроўкі, прычым многія адназначна лічылі: гэта ваенныя злачынствы або дзяржаўны тэрарызм. Сярод крытыкаў – фізікі Альберт Эйнштэйн і Леа Сілард, якія ў свой час выступалі за пачатак атамных даследаванняў у ЗША.
Яшчэ адзін знакаміты фізік – Роберт Опенгеймер, якога называюць «бацькам атамнай бомбы», бо ён быў навуковым кіраўніком «Манхэтэнскага праекта», – так апісваў першае выпрабаванне ядзернага зараду: «Мы ведалі, што свет ужо не будзе ранейшым. Некалькі чалавек смяяліся, некалькі чалавек плакалі. Большасць маўчалі». Сам Опенгеймер прыгадаў тады радок са свяшчэннай кнігі індуізму, Бхагавадгіты: «Я — смерць, вялікі разбуральнік сусветаў».
Аднак найбольш уражваюць успаміны тых, хто знаходзіўся ў самым эпіцэнтры пекла – тых самых «хібакуся». Японцаў, якія перажылі атамны выбух. Гэтыя ўспаміны сёння можна знайсці і ў перакладзе на рускую мову, але людзям са слабымі нервамі лепш такога не чытаць.
Здавалася б, іх страшны вопыт павінен быў паставіць кропку ў гэтай гісторыі. Але ж не… Прабачэнняў ЗША не чуваць дагэтуль, а генеральны сакратар ААН Гутэрыш і праз 77 гадоў вымушаны казаць тое, што, здаецца, павінна быць зразумела дзіцяці: чалавецтва здольнае знішчыць само сябе, і таму сапраўдная бяспека ніколі не можа быць дасягнута з дапамогай ядзернай зброі. Яна дасягаецца шляхам дыялогу, перамоў і ўзаемнай павагі.