Падзяліцца:
14 сакавіка 2016

Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Паўла Дубашынскага  ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 14 па 20 сакавіка 2016  года пройдзе “Юбілейны тыдзень”.

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Павел Дубашынскі 12 гадоў працаваў у Тэатры юнага гледача, а з 1967 года – ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. І ўвесь гэты час актыўна супрацоўнічаў з Беларускім радыё. Акцёр яркага і самабытнага таленту, абаяльны і шчыры,  з добрым пачуццём гумару. Выразная акцёрская пластыка, адпрацаванасць кожнага жэста, непаўторная інтанацыя заўсёды захаплялі гледача. Сыграў шмат выдатных роляў паводле твораў беларускай, рускай  і сусветнай класікі: камендант ў спектаклі “Трыбунал” па п’есе А.Макаёнка, Дабрыян (“Брама неўміручасці” К.Крапівы), Земляніка (“Рэвізор” М.Гогаля), князь К. (“Дзядзечкаў сон” паводле Ф.Дастаеўскага), Глахуна (“Закон вечнасці” паводле Н.Думбадзе), Язэп Карыта (“Ажаніцца – не журыцца” паводле М.Чарота) ды іншыя.

Дзякуючы свайму непаўторнаму таленту, Павел Дубашынскі быў улюбёнцам радыёрэжысёраў. Таму ў фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат спектаклей з яго удзелам.

На працягу  “Юбілейнага тыдня”  ў “Тэатры Беларускага радыё”  прагучаць: у панядзелак і аўторак --  радыёпастаноўка “Васіль Корж” паводле аднайменнай п’есы пісьменніка Сяргея Грахоўскага (Васіль Корж), у сераду, чацвер і пятніцу -- радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Вечар” па п’есе драматурга Аляксея Дударава (Мікіта Гастрыт), у суботу і нядзелю – радыёспектакль “Судны дзень Скарыны” па аднайменнай драматычнай паэме пісьменніка Міколы Арочкі (Францыск Скарына).

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: